• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уцёкі ад першай асобы, або Падарожныя нататкі беларускага журналіста, які сустрэў вайну ў Кіеве

    Беларускі фотажурналіст Сяргей Балай, не жадаючы трапляць пад разагнаны ў 2020 годзе каток рэпрэсій на радзіме, з’ехаў ва Украіну — як многія прадстаўнікі СМІ і іншых прафесій. Але 24 лютага 2022 года спакою надыйшоў канец і там. Зноў трывожныя зборы, зноў у шлях — яшчэ больш небяспечны і з нявызначаным фіналам.

    Гэтыя нататкі журналіст пачаў пісаць 10 сакавіка 2022 года, ледзьве асвоіўшыся на новым месцы. «Напісаў першы абзац, тэзісна пазначыў храналогію і пункты, якія запомніліся. Спачатку наогул хацеў рабіць як гайд — у стылі, што варта браць і чаго не варта рабіць. Потым дадаваў нейкія новыя пункцікі, якія ўсплывалі, пазнакі з нататніка перапісаў. Але ў выніку так і не дарабіў, бо было вельмі траўматычна пісаць адразу», — прызнаецца Балай.

    Да другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны ён нарэшце сабраўся з думкамі і дапісаў тэкст.

    «З’язджай, пакуль не позна»

    За два дні да пачатку вайны ў агароднінным кіёску каля майго дома, недалёка ад метро «Васильківська» ў Кіеве, пачалі прадаваць трускаўку. Яна была не вельмі салодкай, але ўжо пацяплела, пахла вясной, і пару разоў я паспеў яе купіць.

    Нельга сказаць, што было нейкае прадчуванне Вялікай Бяды. Пад вокнамі — дзіцячая пляцоўка, мамы з каляскамі, студэнты на прабежках, падсвятленне на ВДНГ, што засталося пасля Новага года. Усё як звычайна. Ды і горад не здаваўся устрывожаным. Праўда, за пару тыдняў да 24 лютага пачалі пісаць калегі і спярша намёкамі, а потым прамым тэкстам казаць: «Мы ўсёй рэдакцыяй эвакуіруемся. З’язджай, пакуль не позна. Хоць бы ў Львоў». У Львоў я б з’ездзіў і так, але ўжо амаль тыдзень валяўся з другой па ліку «каронай» і толькі пачаў ачомвацца.

    У ноч на 24 лютага заснуць не атрымлівалася ніяк. Па ТБ нічога, акрамя запісу дзённага пасяджэння Вярхоўнай Рады і ток-шоў. У інтэрнэце — цішыня. У выніку першы выбух адчувальна пляснуў па акне, калі я засынаў апрануты на запраўленым ложку, ў 5.03. Дзесьці за кальцавой, у раёне Церамкоў, была вайсковая частка. Туды і ўдарыла ракета. У чат пасыпаліся паведамленні калегаў з Абалоні, Саломенскага раёна, Барыспаля, Ірпеня з навінамі пра вайну і першыя прылёты «калібраў».

    Прачнуўся дамавы чат. Усе пыталіся, дзе працуюць крамы, ці ходзіць метро, ці варта весці дзяцей у школу і ехаць на працу. Праз дзень чат замоўкне, таму што з’едуць практычна ўсе.

    Выйшаў папаліць на агульны балкон з відам на аэрапорт Жуляны. Апошнія дні з яго, нягледзячы на закрытае для пасажырскіх рэйсаў неба, масава выляталі бізнес-джэты.

    З 26-га паверха від на ранішні Кіеў адкрываецца выдатны. Але 24 лютага слупы цёмна-шэрага дыму падымаліся над месцамі падзення ракет. А часам з шыпеннем амаль над дахамі гмахаў праносіліся драпежныя цыгары «калібраў» з куртатымі крылцамі па баках, якія выглядалі неяк несур’ёзна ў параўнанні з «мінітменамі» і «тытанамі» з плаката па грамадзянскай абароне са школьных часоў. Але ўсё роўна такое сабе адчуванне.

    У прынцыпе, да эвакуацыі я быў гатовы. Жадання з’язджаць не было. Аднак гарачыя спрэчкі з сям’ёй, якая на той момант заставалася ў Беларусі, 26‑ы паверх без ліфта, аэрапорт праз дарогу і ракета, што прыляцела ў дом у пары кварталаў ад майго, схілілі да думкі аб ад’ездзе. Хоць каго я падманваю — да ўцёкаў. Таму што нібыта вайны не відаць, але вось яна: толькі што ўпала абломкамі збітай ракеты ля суседняй станцыі метро. А яшчэ каментары калегаў: «Русня рвецца да Кіева. Дні тры яшчэ ёсць, напэўна. Потым можна не з’ехаць».

    «Адкуль яны ўсе ведалі?»

    У чарзе ў краме таварыскі дзядзька паглядзеў на мае энергетычныя батончыкі з вадой і ролтан (навошта я іх купіў, у дарозе нуль карысці — іх жа трэба заварваць кіпенем, ды і месца яны займаюць), пагрукаў сваім кошыкам і спытаў: «Адкуль яны ўсе ведалі?». «Хто?» — перапытваю. «Ды ўсе гэтыя, — адказаў ён, паказваючы на плыню людзей з турыстычнымі заплечнікамі і валізкамі, якая спускалася ў метро. — Адкуль яны ўсе ведалі, калі валізкі сабраныя з раніцы?»

    Бліжэй да абеду, калі збіраў заплечнікі, за акном праляцелі два ўкраінскія МіГ-29. Зусім недалёка — паміж ВДНГ і рэчышчам Дняпра. На ўсход. Потым даведаўся з навін, што на Гастомель. Выбіваць рускі дэсант. Пазней пісалі, што адзін з гэтай крылатай парачкі быў тым самым «Прывідам Кіева». Да вечара, паміж зборамі і пошукам транспарту з горада, заўважыў, што сірэн стала больш, як і выбухаў. На паверсе, акрамя мяне, нікога не засталося, а з двара пацягнуліся машыны. У чатах загаварылі пра сапёра, які падарваў цаной свайго жыцця мост пад Кіевам, каб спыніць наступ рускіх. Пасля даведаўся, што гэта быў Віталь Скакун, які ў Херсонскай вобласці падарваў Гянічаскі мост перад рускімі танкамі, але ўвечары 24 лютага думка пра тое, што пад Кіевам выбухаюць масты, аптымізму не дадала.

    Непрыкметна запакавалася два заплечнікі. Турыстычны, на 50 літраў, з джынсамі, худзі «Ва ўсім вінаваты TUT.BY», запасным абуткам, ноўтбукам і прадуктамі. І фотазаплечнік — з тэхнікай. Абодва потым папілі крыві ў дарозе і доўга нагадвалі пра сябе болямі ў спіне. Надалей вырашыў браць з сабой толькі самы мінімум, хоць кінуць тэхніку і цяпер задушыла б жаба. Пасля бясконцых кіданняў у телеграм-групах па эвакуацыі знайшоўся аўтобус на Львоў наступнай раніцай, усяго за 500 грыўняў (менш за 20 долараў па тагачасным курсе). Ён у выніку не паехаў, але, успамінаючы цяпер, разумею, што надзеі на простую эвакуацыю з Кіева на Захад былі вельмі наіўнымі. Хоць камусьці ўдавалася.

    Некалькі гадзін сну — зачыніўшы двухспальнымі матрацамі адзінае акно і, паводле парадаў дасведчаных людзей, праз сцяну ад акна. Калі ў 8 раніцы завыла сірэна і на тэлефон прыйшло СМС аб чарговым авіяналёце праз 15 хвілін, завязваў шнуркі і развітваўся з такой роднай кватэрай, у якой жыў з верасня. Праз 10 хвілін ужо спускаўся ў метро. Як дабег з двума заплечнікамі, сам не разумею.

    На станцыі было сотні тры чалавек. Неяк не адчуваецца маштаб, калі людзі стаяць ля перонаў у чаканні цягніка, а тут усё месца было занята караматамі з людзьмі, якія сядзелі і ляжалі. Хтосьці спаў у паўзмроку, многія — з дзецьмі і хатнімі жывёламі. Правёўшы амаль год у Кіеве, бачыць людзей на турыстычных кілімках ў халодным метро, з тэлефонамі, ролтанам, падручнікамі і проста спячымі ў вопратцы пасярод перона было невыносна дзіка. Прыйшоў цягнік. Я паехаў на «Майдан Незалежнасці», дзе была перасадка на вакзал. На кожнай станцыі цягнік стаяў хвілін 15, і было відаць, што чым бліжэй да цэнтра, тым больш людзей хаваецца ў метро ад бамбёжак.

    Калі бяжыць натоўп

    Кіеўскі вакзал і плошча з перонамі змясцілі неймаверную колькасць людзей. Падлічыць не вазьмуся. Паглядзеў на табло, вызначыўся з маршрутам на Роўна. Хоць перыядычна прыходзілі неабвешчаныя эвакуацыйныя цягнікі на захад, шанец трапіць у іх быў мізэрны. На другі дзень вайны ніхто не размяркоўваў жанчын, дзяцей і мужчын прызыўнога ўзросту, як гэта будзе праз пару дзён у Львове. Натоўп дзяжурыў на першым пероне, адкуль сыходзілі цягнікі да польскай мяжы. Завыла сірэна, людзі кінуліся ў бліжэйшы падземны пераход. У гэты час па гучнай сувязі абвясцілі аб прыбыцці чарговага экспрэса, і натоўп ПАБЕГ… Ніхто не слухаў сірэны і вайскоўцаў, усе імкнуліся трапіць у вагоны. Студэнты і госці з Азіі і Афрыкі, прадстаўнікі народа рома, па адчуваннях, штурмавалі вагоны ў першых шэрагах і блізка не падпускалі нікога да запаветнай электрычкі.

    Перыядычна на вакзале раздаваліся аўтаматныя чэргі, і тады натоўп зноў уцякаў пад зямлю. “Натоўп — страшная рэч, спрэс мазгі адбівае”, — усплылі ў галаве словы аднаго знаёмага з адмысловым досведам. Вайсковец, які стрэліў цыгарэту, сказаў, што з раніцы некалькі штурмавых груп рускіх прарываюцца з паўночнага ўсходу, ад Бучы і Ірпеня, праз метро “Берестейська” да Генштаба, у цэнтр — на Банкавую, дзе базуецца Офіс Зяленскага, і да вакзала. Даволі блізка на ўсходзе былі чутныя выбухі і перыядычны стук “зушак”. Пачуўшы адзін раз, не забудзеш ніколі.

    Праз 20 гадзін я быў у Львове. Дзесяць з іх прайшлі ў дызелі да Роўна, з чыімі-то мілымі катамі ў пераносцы на каленях. Яе насельнікі, усвядоміўшы сур’ёзнасць моманту, не абураліся і паводзілі сябе ціха, адмаўляючыся нават ад ежы. Потым было бамбасховішча на ровенскім вакзале, дзе дзяўчынка спявала пад гітару “Акіян Эльзы”, падарожжа па зусім цёмным горадзе (святломаскіроўка) і начлег у холе мясцовай гасцініцы. Не аказалася свабодных нумароў, але адміністратар бясплатна прапанаваў канапу ў лобі з разеткамі, кафэ і туалетам з гарачай вадой. Ранішняя электрычка на Львоў, дзе дамовіліся сустрэцца з калегамі і выязджаць разам…

     

    Тое, што адбывалася на львоўскім вакзале, апісаць цяжка. Горад стаў велізарным хабам для ўцекачоў, якія імкнуліся трапіць у Польшчу праз два памежныя пераходы — Шэгіні і Кракавец. Нават фраза “Як у кіно пра вайну” не перадасць адчуванне тысяч людзей, якія дрэнна стрымліваюць істэрыку; электрычкі, што ідуць толькі да мяжы з Польшчай; натоўп, які перыядычна бяжыць з вакзала на пероны і назад.

    Надвор’е ў сталіцы Заходняй Украіны было куды халаднейшым за кіеўскае, і вытрымаць ўвесь дзень на вуліцы было проста немагчыма.

    З прывакзальнай плошчы дзясяткі маршрутак прапаноўвалі адвезці на польскую мяжу “ўсяго за 600 грыўняў”. Хадзілі чуткі аб прамых аўтобусах у Польшчу, але дзе яны стаялі і як у іх патрапіць, ніхто не ведаў. Тых, хто адправіўся на мяжу, высаджвалі на пачатку дзесяцікіламетровай чаргі да пагранпераходу Шэгіні — Мядыка. Некаторыя праходзілі яе двое-трое сутак. Мой калега, які вытрымаў гэтую чаргу, на свае вочы бачыў памерлага ад пераахаладжэння чалавека, і не давяраць яму падстаў у мяне няма.

    На вакзале я ў чарговы раз убачыў, на што гатовыя людзі, якія ўцякаюць ад вайны. Суседнія краіны адкрылі межы, і з’ехаць “у шэнген” тэарэтычна маглі ўсе жадаючыя — нават без віз і пашпартоў. Не выпускалі толькі мужчын — грамадзян Украіны прызыўнога ўзросту. Ніхто не звяртаў увагі на выццё сірэн. Людзі не сыходзілі з перонаў, пакуль не ад’язджаў чарговы эвакуацыйны цягнік да выратавальнай мяжы.

    Нож у руцэ і фальшывая непрытомнасць

    На дзіва спакойныя ваенныя выцягвалі з дзвярэй электрычак смуглых хлопцаў, якія ўпіраліся і не прапускалі нікога, акрамя сваіх велізарных сямействаў і кампаній. Калі жорстка пацягнулі чарговага блакавальніка, які дастаў нож, ля электрычак пачалі фальшыва падаць у непрытомнасць. Сваякі мужчынскага полу імкнуліся занесці “несвядомую” жонку-сястру-бабулю ў цягнік, абы там застацца самім. З абеду мужчын перасталі пускаць у электрычкі, нягледзячы на любыя пашпарты і даведкі. Пачалі развітвацца сем’і. Жанчыны з дзецьмі з’язджалі на захад, мужчыны махалі ім у вокны і сыходзілі з перона. Потым было шмат кранальных фатаграфій з такімі растаннямі.

    Пераначаваць нас паклікаў Львоўскі медыяфорум. Запомнілася паездка па любімых, але вугальна-цёмных львоўскім вуліцах. Начлег на падлозе ў спальніку дзецям здаецца прыгодай, а дарослым — абы галаву кінуць.

    Раніцай праца ў офісе працягнулася. Украінскія калегі збіралі інфармацыю пра журналістаў, якія мелі патрэбу ў дапамозе, вырашалі пытанні эвакуацыі ў тым ліку нашай групы, маніторылі бясконцыя навіны пра тое, што адбываецца, не толькі ў інтэрнэце, але і па FM-радыё. Мне патлумачылі, што прыёмнік у офісе на выпадак, калі “лягуць” інтэрнэт і мабільная сетка. Там жа паставіў сабе пункцік: купіць простае, пажадана з аналагавай наладай FM-радыё на батарэйках.

    Праверка на дарогах

    Пазней нас перавезлі ў хаб медыяфоруму, паралельна вырашаючы пытанне з аўтобусам для эвакуацыі ўсіх беларускіх журналістаў, якія сабраліся ў горадзе і пад’язджалі яшчэ. Мы з калегам пайшлі прагуляцца па нязвыкла халодным Львове. Пачуўшы беларускую гаворку, мінак падышоў да нас і папрасіў паказаць дакументы. Проста так, пасярод вуліцы. Паглядзеўшы нашы карткі ВНЖ, ён ужо спакойна растлумачыў, што ў горадзе і навінах толькі і кажуць пра рускіх дыверсантаў, якія ставяць пазнакі для навядзення варожых ракет. У абвестках грамадзянскай абароны такія знакі раілі засыпаць пяском, таму што праз звычайную фарбу яны праступалі.

     

    Беларусаў у тыя дні не тое каб лічылі ворагамі, але, калі стала вядома, што рускія ўвайшлі ва Украіну пасля сумесных вучэнняў з тэрыторыі Беларусі, лішні раз казаць, што першапачаткова прыехаў з Мінска, было няўтульна. Некаторыя знаёмыя не рызыкнулі з’язджаць на машынах з беларускімі нумарамі.

    “Гэта анёлы нас ратуюць”

    Да абеду 26 лютага стала зразумела, што эвакуацыйнага аўтобуса не будзе, і калегі сталі шукаць любую магчымасць з’ехаць з тымі, хто возьме. Да вечара я застаўся адзін, таму што аўтобус, у які мяне абяцалі пасадзіць, ад’язджаў толькі наступнай раніцай. У насталых прыцемках пад выццё сірэн раптам пайшоў пухнаты снег, які вельмі хутка закрыў сабой усё. Яго нападала шмат— вышэй за шчыкалатку. Памятаю, як з хаба на вуліцу выйшла дзяўчына, якая дзяжурыла ў офісе. Пастаяла і сказала: “Гэта анёлы нас ратуюць. Яны паслалі снег, каб закрыць пазнакі для ракет, а сёння казалі, што павінен быць налёт”. Застацца аднаму і без пэўнасці наперадзе было цяжка, але яе словы ў той момант вельмі падтрымалі.

    Паставіўшы на зарадку ўсе паўэрбанкі, тэлефон і ноўтбук, засеў за форумы, каб знайсці транспарт для сябе і іншых, бо сапраўды гэтак жа дапамагалі і мне з пошукам шляхоў эвакуацыі. Ды і з думкамі, што будзе заўтра, доўга не спалася.

    Ранішні аўтобус, як і ўсе наступныя, на якіх беларускія валанцёры ў Львове спрабавалі адправіць ахвотных, адмовіўся забіраць мужчын без сем’яў. Калі стала зразумела, што з’ехаць не атрымаецца, а мае родныя і сябры абарвалі ўсе чаты і тэлефоны ў пошуках транспарту, ператэлефанавалі хлопцы, якія другія суткі ехалі з Адэсы. Спачатку яны перадумалі рухацца на Львоў, але ў выніку забралі мяне бліжэй да вечара 28 лютага. Будучы ў курсе страшных чэргаў у блізкіх да нас Шэгінях, я параіў ехаць на далёкі пераход Кракавец — Карчава. У адным з чатаў, на які я падпісаўся ў тыя дні, кіроўцы паведамлялі, што чарга там невялікая і даехаць за ноч цалкам рэальна. Так і выйшла. Калі ззаду засталіся хваляванні з‑за адсутнасці візы і з’явіўся ўязны штамп у пашпарце, а на варотах вісела чырвоная таблічка з белымі літарамі Rzecz­pospoli­ta Pol­s­ka, вельмі захацелася заплакаць. Мне цяжка было б гэта растлумачыць суседзям, хоць яны б дакладна зразумелі.

    Панічная атака і Кіеў у снах

    Мой трып да мяжы і праз яе доўжыўся пяць дзён. Праз два гады і дзясяткі гісторый аб эвакуацыі з Украіны ў Еўропу, расказаных мне іншымі, разумею, што на фоне многіх мая здаецца даволі камфортнай прыгодай дарослага самастойнага мужчыны. У мяне была ежа, наяўныя грошы, зараджаны тэлефон і мільён сяброў, кожны з якіх дапамагаў, калі мне патрэбна была дапамога. Небяспека пагражала, але гэтак жа, як і ўсім астатнім.

    Напэўна, да канца жыцця я не змагу жыць на верхніх паверхах шматпавярховак. Від добры, але паспрабуйце пару разоў на дзень падняцца на 26‑ы паверх з прадуктамі і кегамі з вадой. Да таго ж падчас ракетнага абстрэлу часцей прылятае ў высокія дамы.

     

    Мне дагэтуль цяжка знаходзіцца ў людных месцах, нават на святах. Нядаўна на прэс-мерапрыемстве злавіў панічную атаку: у зале было занадта шмат людзей, а мне трэба было выходзіць да мікрафона, каб задаць пытанне. Заставацца бліжэй да выхаду стала паўсядзённай нормай, такой жа, як зарадка паўэрбанкаў і тэлефона, наяўнасць ліхтарыка, запальнічкі і швейцарскага нажа ў заплечніку. Проста так, каб было.

    Мой досвед уцёкаў ад вайны сёння бачыцца цалкам пасрэдным, хоць два гады таму так не здавалася. Да гэтага часу з уздрыгам ўспамінаю аўтаматныя чэргі на вакзале ў Кіеве. Паездку ў метро да вакзала, вочы і твары людзей на станцыях. Натоўп на львоўскім пероне. Адчуванне безвыходнасці і адзіноты. Званкі жонкі і дачкі, якія трымалі на плаву. Снег і словы пра анёлаў. Кіеў, які мне сніцца нашмат часцей за Мінск. І лютаўскую трускаўку за некалькі дзён да вайны.

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Аляксандр Баразенка — пра працу на вайне: «Ніколі не забівай у сабе страх — ён твой запасны парашут»

    Захаваць выданне ля самага фронту і інфармаваць свет аб жыцці ў акупацыі — гісторыі нязломнасці ўкраінскіх журналістаў

    Праз вайну і Лукашэнку. Як бачаць Беларусь на Захадзе — ключавое з даследавання замежных медыяў

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці