Убачыць незвычайнае ў звычайным — майстар-клас па відэа ў Гомелі
Гомельская філія БАЖ зладзіла майстар-клас на тэму: “Мастацкія прыёмы ў відэарэпартажах і тэленарысах”. Трэнер — прафесійны рэжысёр, супрацоўнік мультымедыйнага парталу "Радыё Свабода" Алесь Матафонаў. Майстар-клас быў замоўлены падчас абмеркавання гадавога плану працы філіі БАЖ.
На думку Матафонава, тэленарыс прадугледжвае кампазыцыйную пабудову на падставе драматургіі падзеі, факта, лёсу чалавека: “Убачыць незвычайнае ў звычайным — гэта адрознівае творцу ад звычайнага рамесніка”.
У тэленарысе дакладнае адлюстраванне фактаў спалучаецца з эмацыянальным стаўленнем аўтара да свету, адбору дэталяў, падаецца ў зрокавай і гукавой форме. Дзеля раскрыцьця ідэі выкарыстоўваюцца святло, шумы, музыка.
Трэнер на прыкладах з уласнага досведу падрыхтоўкі тэленарысаў “Урокі цыганскай”, “Будзічы. Вёска — ахвяра тэхнічнага прагрэсу” ды некаторых іншых паказаў, як займаўся каліброўкай кадраў, выкарыстоўваў кантрапункт — асэнсаванае супрацьпастаўленне відэаматэрыялу іншага сэнсавага пласту, гуку.
Таксама падчас майстар-класа гаварылі пра “вірусныя” відэа, асвятленне блогерамі ў сацыяльных сетках “гарачых” тэмаў, звязаных, у прыватнасці, з масавымі акцыямі пратэсту супраць “дармаедскага” дэкрэту.