• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У журналістаў Крыма выбар просты: альбо ты кліент ФСБ і ўцякаеш, альбо ідзеш у качагары, альбо служыш”

    У якіх умовах сёння даводзіцца працаваць журналістам Крыма? Як ва ўмовах інфармацыйнай вайны не скаціцца ў прапаганду і як зрабіць, каб цябе не забаранілі? Размаўляем з рэдактарам рэсурса “Крым. Рэаліі” Уладзімірам Прытулам.

    — Украінскія журналісты распавядаюць, што ў іх няма магчымасці працаваць на тэрыторыі Крыма, што там цяпер няма ніякай свабоды слова. Якім чынам вашаму рэсурсу атрымліваецца працаваць у Крыме, мець адтуль інфармацыю і матэрыялы?

    — Працаваць там сапраўды вельмі цяжка. І чым далей — тым цяжэй, праз татальны кантроль за любой актыўнасцю, у тым ліку і медыйнай. За  апошнія два гады абсалютная большасць журналістаў, якія намагаліся пісаць аб’ектыўна, былі вымушаныя альбо выехаць з Крыма, альбо змяніць дзейнасць, альбо сысці ў падполле.

    Што да нашай рэдакцыі – каля 15 журналістаў былі вымушаныя выехаць за межы Крыма альбо ва Украіну, альбо ў іншыя краіны. Частка журналістаў вымушаная была спыніць супрацоўніцтва з нашай рэдакцыяй з‑за пагроз альбо асабіста ім, альбо іх родным і блізкім. Іншыя перайшлі на падпольную дзейнасць. Адпаведна, мы на месцы не можам атрымліваць інфармацыю ад афіцыйных прадстаўнікоў сённяшняй улады Крыма. Але самае страшнае – што журналістаў пастаянна запалохваюць. Нават супрацоўнікаў тых мясцовых масмедыя, якія трымаюцца прарасійскай пазіцыі. Што ўжо казаць пра журналістаў тых СМІ, якіх мясцовая ўлада лічыць “варожымі галасамі”?

    Шмат у каго з крымскіх журналістаў прайшлі ператрусы, былі затрыманні, супраць іх распачыналі крымінальныя справы. І такая практыка запалохвання ўсіх больш-менш актыўных крымчан дае вынікі: нам вельмі складана атрымліваць інфармацыю з Крыма. Тым не менш, там працягваюць працаваць нашы журналісты. Да таго ж, мы робім стаўку на грамадскіх актывістаў, якія дасылаюць нам інфармацыю, фота і відэа. Але і нашы рэспандэнты, і карэспандэнты вымушаныя прытрымлівацца жорсткіх правілаў канспірацыі і бяспекі, каб мы не страцілі нашы крыніцы інфармацыі.

    — Але вашы карэспандэнты ў Крыме працуюць аўтаномна — вам не ўдалося захаваць там не толькі рэдакцыю, але нават заканспіраваны карэспандэнцкі пункт?

    — Наша рэдакцыя ад пачатку знаходзілася ў Сімферопалі, і каля трох месяцаў мы працавалі ва ўмовах акупацыі. Але потым ФСБ распачало сапраўднае паляванне на нашых журналістаў, і мы вымушаныя былі вывезці ўсіх нашых рэдактараў за межы Крыма. У “полі” застаюцца журналісты, якія нешта пішуць і перадаюць. Але яны не могуць адкрыта прыйсці па каментар да нейкага чыноўніка, пагаварыць з нейкімі актывістамі – ці прарасійскімі, ці праўкраінскімі. І нават з шараговымі грамадзянамі Крыма. Яны даюць наводку нам, а ўжо мы па каментар вымушаныя званіць з Украіны — выходзіць на афіцыйных асобаў, экспертаў. Многія эксперты і нават палітыкі ў Крыме не баяцца, стараюцца адказваць на нашы пытанні. У выніку мы распавядаем пра ўсё тое, чаго крымчане не могуць даведацца з мясцовых ды расійскіх медыя.

    — Вы кажаце пра адсутнасць свабоды слова ў Крыме, ціск на журналістаў. Але ж там зараз дзейнічаюць расійскія законы, і, адпаведна, закон “Аб СМІ”…

    — У Крыме сёння нават расійскія законы не дзейнічаюць. Якімі б яны ні былі жорсткімі адносна СМІ, але нават яны не дзейнічаюць. І гэта тычыцца не толькі масмедыя, але і вядзення бізнесу, і грамадскай ды палітычнай дзейнасці. Зараз у Крыме такая “шэрая зона”, якую можна параўнаць з Чачнёй. Паўсюдна – маральны тэрор адносна актывістаў і журналістаў.

    — Якое стаўленне да калег, што сталі працаваць па правілах новай крымскай улады?

    — Такіх, на самой справе, не вельмі шмат, але хапае. А якое стаўленне?.. Нехта да гэтага ставіцца з разуменнем, бо не кожны мае магчымасць з’ехаць з Крыма ці змяніць прафесію. Але, як правіла, у такіх сітуацыях прыстойныя людзі сыходзяць з прафесіі, не прадаюць сваё сумленне. Але ёсць і тыя, хто вымушаны працаваць на акупацыйныя масмедыя. У тым ліку і калегі, якіх ты ведаў як людзей “з вялікай літары”. Але я бачу, як яны працуюць – без энтузіязму, абы-як.

    Праўда, ёсць і калегі, якія радыкальна змяніліся. Некаторыя з нашых былых сяброў цяпер лічаць нас ворагамі. Бог ім суддзя. Я стараюся разглядаць гэта як уплыў абставінаў. Судзіць сёння людзей складана. Нават у часы Януковіча ў нас быў выбар – як жыць і як працаваць. А зараз у Крыме ў людзей такога выбару проста няма: альбо ты кліент ФСБ і мусіш уцякаць з Крыма, альбо ты звальняешся і ідзеш працаваць качагарам, альбо ідзеш служыць. І тут кожны сам для сябе прымае рашэнне.

    — Ва Украіне зараз вайна – інфармацыйная ў тым ліку. Хто вы на гэтай вайне — “байцы”, якія даюць толькі тую інфармацыю, якая на карысць вашаму боку, альбо журналісты, якія, нягледзячы ні на што, працуюць у адпаведнасці з журналісцкімі стандартамі? Вы даеце слова ўсім бакам, аналізуеце інфармацыю, падаеце яе нейтральна?

    —   Мы — праект “Радыё Свабода”. Гэта — вялікая міжнародная карпарацыя з вялікім вопытам працы па стандартах заходняй журналістыкі. Па гэтых да стандартах працуем і мы – даваць розныя пункты гледжання, прытрымлівацца журналісцкай этыкі. Таму мы стараемся падаць і пазіцыю прадстаўнікоў акупацыйных органаў улады. За гэта нас часта крытыкуюць і ўкраінскія актывісты, і палітычныя сілы. І нават перасяленцы, якія былі вымушаныя пакінуць Крым пад ціскам расійскіх спецслужб. Але мы стараемся даваць розную інфармацыю. Найперш тую, якую не могуць атрымаць крымчане ў Крыме.

    —  Такая пазіцыя накладае на вас нейкія абмежаванні?

    — Мы вымушаныя пазбягаць “раздражняльных” тэрмінаў у сваіх рэпартажах і навінах. Пазбягаць момантаў, якія могуць быць расцэненыя расійскай уладай як заклікі да сепаратызму ці экстрэмізму. Гэта праблема. З іншага боку, мы абавязаныя думаць пра бяспеку нашых карэспандэнтаў у Крыме, якія знаходзяцца пад пагрозай пераследу – і крымінальнага, і пазакрымінальнага.

    З іншага боку, мы спрабуем дайсці да розных крымчан — у тым ліку і тых, якія не падзяляюць пункту гледжання адносна акупацыі ўкраінскага Крыма Расійскай Федэрацыяй. Апроч таго, перад намі стаіць задача – не трапіць пад блакаванне на нейкай падставе. І ў гэтым мы абапіраемся на досвед “Радыё Свабода”, якія мае аналагічныя нашаму праекты на іншых акупаваных тэрыторыях. Да прыкладу, на Каўказе — у Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. І таму мы, як і яны, папярэджваем, што ў сваіх матэрыялах выкарыстоўваем афіцыйна ўведзеную ў Крыме тэрміналогію. А большасць людзей лічыць, што мы, як вы і сказалі, мусім сёння быць “прапагандысцкім рупарам”. Але мы не прапагандысцкі рупар – мы нясем інфармацыю. Тую інфармацыю, якой сёння пазбаўленыя крымчане ў акупаваным Крыме, дзе дзейнічаюць расійскія медыя.

    — У матэрыялах украінскіх журналістаў з Данбасу няма месца для выказвання сваёй пазіцыі прадстаўнікамі баявікоў. Маўляў, “яны тэрарысты, а мы слова тэрарыстам не даём!”А вы прадстаўнікам “акупацыйнай улады Крыма” слова даеце — як так?

    — Па шчырасці, звычайна яны з намі на кантакт не ідуць і адмаўляюць нам у каментарах. Але мы спрабуем іх пункт гледжання даваць — каб інфармацыя была збалансаванай. Мы цытуем і тлумачым іх пазіцыю. Разам з тым, мы даем пазіцыю тых, каго крымчане не могуць пачуць — апазіцыйных палітыкаў, якія дзейнічаюць у Крыме. Хоць і яны найчасцей выкарыстоўваюць прарасійскую рыторыку. Мы даем пазіцыю ўкраінскай улады, грамадскасці – украінскай, крымска-татарскай, перасяленцаў… Збалансаванасць інфармацыі для нас вельмі важная.

    Але мы таксама не даем пункту гледжання тэрарыстаў: ці тых, што зараз дзейнічаюць на Данбасе, ці ІГІЛ… Іншая справа, што крымскія акупацыйныя ўлады, у адрозненне ад тых, што дзейнічаюць на Данбасе, не былі афіцыйна прызнаныя тэрарыстамі. А даваць слова тэрарыстам забараняе закон “Аб барацьбе з тэрарызмам”. Крымскія ўлады пад дзеянне гэтага закону не трапляюць.

    У нас працуе 99% крымчан, і яны маюць свой погляд і сваю пазіцыю адносна акупацыі Крыма. Але мы намагаемся, каб нашы погляды, нашы эмоцыі не выліваліся ў нашы тэксты, у нашы навіны. Каб яны былі нейтральнымі. Напрыклад, мы не называем сённяшнюю ўладу ў Крыме ні “акупацыйнай уладай”, ні “крымскай ўладай”, а кажам “улада, якая кантралюецца Расіяй”.

    — Ці атрымліваецца ў вас спраўдзіць інфармацыю, якая прыходзіць з Крыма? Увогуле, ці займаецеся праверкай праўдзівасці фактаў?

    — Звычайна мы правяраем інфармацыю. Да ўсяго, нашы матэрыялы адкрытыя да каментароў. Яшчэ раз паўтару: найперш мы пішам для крымчан. Калі мы пішам пра падзеі ў Крыме, мы зацікаўленыя ў аб’ектыўнасці інфармацыі. І кожны крымчанін пры жаданні можа нашу інфармацыю праверыць. Возьмем, да прыкладу, сітуацыю з электраэнергіяй: у нейкіх раёнах з гэтым шмат праблем, электрычнасць падаецца толькі пару гадзін на дзень, а ў тым жа Сімферопалі сітуацыя значна лепшая. Усё гэта мы разумеем і не пішам, што ва ўсім Крыме – вялізныя праблемы са святлом.

    Тое ж самае і з забеспячэннем прадуктамі. Голаду ў Крыме няма, і асартымент прадуктаў дастаткова вялікі (хоць і меншы, чым раней). А ў іншага боку, наколькі мы ведаем, кошты на прадукты ўзняліся – нам і фота з цэннікамі дасылаюць. Багата нараканняў на якасць – кажуць, што шмат расійскіх тавараў, якія завозяць у Крым, менш якасныя за ўкраінскія.

    — Вы казалі, што ваша мэта — дагрукацца і да тых крымчан, якія “за рускі мір”. Атрымліваецца?

    — Не магу сказаць. Але мы бачым, што наша крымская аўдыторыя расце, прыходзіць шмат лістоў з каментарамі  – і добрымі, і злымі. Нехта нас крытыкуе, але і шмат цікавых тэм падказваюць. Тэндэнцыя такая: крымчане, незалежна ад іх поглядаў, зацікаўленыя ў атрыманні інфармацыі, зацікаўленыя ў альтэрнатыўнай інфармацыі. Крымчане за час знаходжання ва Украіне прывыклі атрымліваць інфармацыю са шматлікіх крыніц. І зараз гэта для іх важна. А якія яны высновы з той інфармацыі робяць — гэта ўжо іх справа. Наша задача: данесці шырокі спектр інфармацыі, і мы намагаемся гэтую задачу выконваць.

    —  На Ваш погляд, як змянілася ўкраінская журналістыка з моманту анексіі Крыма, вайны на Данбасе?

    —  Галоўнае – што ўкраінская журналістыка працягвае развівацца. Хоць яна і перажывае складаныя часы. Бо перад Украінай стаяць няпростыя выклікі. Але я бачу, што ўкраінская журналістыка робіцца ўсё больш уплывовай. Я не кажу пра якасць: два гады пасля рэвалюцыі Годнасці — не такі ўжо і вялікі тэрмін, каб мы ўбачылі істотныя якасныя змены. Але важна, што вядуцца прафесійныя дыскусіі ў журналісцкім асяродку на тэмы развіцця журналістыкі, нашы журналісты моцна ўплываюць на ўкраінскую палітыку. Журналісцкія расследаванні прыводзяць да палітычных скандалаў і палітычных крызісаў. Магчыма, журналістыка развіваецца не такімі тэмпамі, як нам хацелася б, але працэс ідзе. Галоўнае, што сённяшняя журналістыка — не балота, у якое яна ператваралася яшчэ некалькі гадоў таму. А сёння ідуць дыскусіі, да прыкладу, пра тое, якой павінна быць падрыхтоўка маладых журналістаў. Ведаю, калегі актыўна абмяркоўваюць – як рыхтаваць змену, ці патрэбныя нам інстытуты і факультэты журналістыкі, ці варта пераймаць вопыт краін, дзе журналістаў рыхтуюць як магістраў, а агульнае навучанне павінна быць больш шырокім?..

    —  А вы што думаеце на гэты конт? Бо зараз амаль кожны, хто мае смартфон і старонку ў ЖЖ, лічыць сябе сапраўдным журналістам…

    —  Усё ж прафесійная падрыхтоўка павінна быць. Журналісцкія ВНУ і факультэты павінны быць рэфармаваныя. Добрую адукацыю ў сваёй прафесіі абавязаны мець кожны. Іншая справа, што журналістыка — гэта нешта сярэдняе паміж спецыяльнасцю і творчасцю. Таму ў журналістыцы можа працаваць чалавек, які не мае базавай журналісцкай адукацыі. Але пазней ён усё адно павінен атрымаць спецыялізаваную адукацыю — магістра, да прыкладу. У нас дастаткова людзей, якія прыходзілі ў журналістыку без базавай журналісцкай адукацыі і рабіліся ў гэтай прафесіі зоркамі. Але гэтак жа мы ведаем, што шмат журналістаў з профільнай адукацыяй не знайшлі сябе ў прафесіі і сышлі з яе. Гэта ўсё — вынікі постсавецкага падыходу да адукацыі. Таму рэфармаваннем займацца трэба, але як — гэта тэма для дыскусіі.

    —  Як журналісту не скаціцца ў прапаганду?

    — Цяжкае пытанне, і я вам на яго адказу не дам. Трэба проста прытрымлівацца звычайных журналісцкіх стандартаў: атрымліваць інфармацыю з розных крыніц, правяраць яе, любую праблему асвятляць з розных пунктаў гледжання, даваць розныя меркаванні і погляды. І звяртаць увагу на тыя моманты, якія прыхоўваюць дзяржаўныя СМІ. Парады самыя простыя. Трэба пісаць сумленна і прытрымлівацца журналісцкай этыкі і журналісцкіх стандартаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці