У журналіста з Гомля Анатоля Гатоўчыца адбыўся ператрус
Пра ператрус у сваёй кватэры гомельскі журналіст Анатоль Гатоўчыц паведаміў на сваёй старонцы ў «Facebook». Журналіст на волі, піша "Белсат".
«Ачольваў 21 год прафесійную арганізацыю, якую цяпер і назваць нельга без наступстваў. А сёння ўвечары вярнуўся дахаты пасля дзвюхгадзіннай адсутнасці і наводжу парадак», – напісаў Анатоль Гатоўчыц.
Гомелец падзяліўся таксама фотаздымкамі вэрхалу, учыненым у кватэры пасля візіту супрацоўнікаў МУС. Імаверна, што «дзвюхгадзінная адсутнасць» – гэта час, які журналіст правёў на допыце.
«Я за парадак, а не за тэрарызм! Ёсць рэчы, якія я катэгарычна не прымаю. Можна нават сказаць, адназначна ненавіджу. Прыкладам, тэрарызм, які нясе смерць і пакуты людзям. Да таго ж яшчэ і разбурэнні, пажары, галечу, слёзы, сіроцтва. Як грамадзянін і журналіст я супраць гэтага, я пратэстую», – напісаў Гатоўчыц.
Журналіст піша, што служыў у войску, быў афіцэрам запасу («вучылі страляць пераважна з танкаў»).
«Калі каму-небудзь з таемнымі намерамі ці дзеля выслужвання надумалася на гэтай падставе прывязаць мяне асабіста да бязлітасна жорсткага гвалту, то не трэба, панове», – напісаў Гатоўчыц, адзначыўшы, што «паўстагоддзя жыцця прысвяціў журналістыцы», а цяпер піша кніжку.
Паводле радыё «Свабода», з пачатку 2020 года гэта ўжо чацвёрты ператрус у кватэры Анатоля Гатоўчыца. Ён больш за 20 гадоў узначальваў гомельскую абласную арганізацыю Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), якую ў жніўні 2021 года зліквідавалі, а ў сакавіку 2023-га прызналі ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем».