У Вялікабрытаніі непаўналетнім забароняць ставіць лайкі ў сацсетках
Брытанскія дзеці і падлеткі да 18 гадоў будуць пазбаўленыя магчымасці ставіць лайкі ў фэйсбуку і інстаграме ў рамках новых правіл па ахове дзяцей у сацсетках.
Як піша Times, у адпаведнасці з новым кодэксам правіл для тэхналагічных кампаній у краіне сацсеткі павінны будуць выконваць 16 патрабаванняў, сярод якіх забарона на заахвочванне дзяцей марнаваць час у інтэрнэце. Таксама кампаніі павінны будуць звесці да мінімуму збор і захоўванне персанальных даных дзяцей, не будуць мець права дзяліцца гэтымі данымі і, тым больш, выкарыстоўваць іх у камерцыйных мэтах, а таксама не змогуць больш адсочваць перамяшчэння юных карыстальнікаў.
Гэтыя патрабаванні, як піша газета, азначаюць, што сайты павінны будуць мець дзве версіі: для дарослай і дзіцячай аўдыторыі. Калі тэхналагічныя кампаніі не змогуць паказаць, што яны ўмеюць адрозніваць дарослых і непаўналетніх карыстальнікаў, то ім прыйдзецца ўсім карыстальнікам даць тую ж ступень абароненасці і прыватнасці, што і дзецям. Правілы будуць распаўсюджвацца не толькі на брытанскія кампаніі, але і на замежныя, якія працуюць у краіне. Парушальнікам пагражаюць буйныя штрафы — да 4% гадавога абарачэння кампаніі.
Эксперты, з якімі паразмаўляла Times, лічаць, што калі правілы ў такім выглядзе ўступяць у сілу, то некаторыя амерыканскія тэхнагіганты не змогуць ці не палічаць выгадным працягваць працаваць на брытанскім рынку і іх сайты стануць у краіне недаступнымі.