У “Витебского курьера” — новы ўласнік. І новы змест
Заснавальніца сайта Вольга Карач прадала інфармацыйны рэсурс мінскаму стартап-тэхнолагу Аляксею Шаблоўскаму. Рэдакцыя ў поўным складзе пакінула выданне. На сайце больш няма аўтарскіх матэрыялаў, ён стаў звычайным дайджэстам навін.
Наведнікі сайта, які цягам пяці гадоў быў адным з нешматлікіх незалежных грамадска-палітычных рэсурсаў рэгіёна, заўважылі змены на пачатку снежня мінулага года. З сайта зніклі журналісцкія даследаванні, матэрыялы краязнаўчай тэматыкі, артыкулы пра праблемы гарадскога жыцця — усё тое, што некалі зрабіла рэсурс папулярным.
Вольга Карач: “Сайту быў патрэбны новы адміністратар”
Былая ўладальніца “Витебского курьера” Вольга Карач тлумачыць:
— Рэдакцыйны калектыў за час існавання сайта прафесійна вырас, але “не дацягваў” адміністрацыйны бок. Асабіста я займацца справамі сайта не паспявала, а адказнага за гэта чалавека ў нас не было. Мы абвясцілі, што сайт прадаецца, і адным з ахвотных яго набыць быў Аляксей Шаблоўскі. Мы некалькі разоў сустракаліся перад продажам і дамовіліся, што новы гаспадар пакіне на працы ўвесь калектыў рэдакцыі і будзе плаціць журналістам заробак першыя шэсць месяцаў. За гэты час, меркавалася, рэсурс зможа самастойна зарабляць грошы.
Паводле Вольгі Карач, новы ўладальнік абяцаў цягам гэтага часу не ўмешвацца ў працу рэдакцыі, а займацца толькі тэхнічным пытаннямі. Праўда, усе дамоўленасці былі толькі ў вуснай форме. Рэдакцыйны калектыў адпрацаваў пад кіраўніцтвам новага ўласніка ўсяго адзін месяц — лістапад 2019 года. Вольга Карач кажа, што шкадуе пра продаж рэсурсу, але паўплываць на сітуацыю ўжо не можа.
Аляксей Шаблоўскі: “Витебский курьер” застаецца рэгіянальным. Пра перспектывы размаўляць пакуль рана
Новы ўласнік сайта Аляксей Шаблоўскі жыве ў Мінску, з’яўляецца дырэктарам цэнтра “Стартап Тэхналогіі”. Ён не адмаўляе, што ад пачатку былі дамоўленасці пра супрацу з калектывам рэдакцыі і пра тое, што сайт захавае рэгіянальную тэматыку.
На думку Аляксея Шаблоўскага, супрацоўніцтва не атрымалася таму, што ягоныя рэкамендацыі адмовілася выконваць рэдактарка Вольга Радзюк. А потым яна нібыта “настроіла супраць” і ўсіх журналістаў. Новы гаспадар лічыць, што ранейшая рэдакцыйная стратэгія непрымальная, бо яна не прынясе прыбытку. Але пра новую стратэгію размаўляць яшчэ рана, кажа Аляксей Шаблоўскі:
— Магу сказаць цвёрда: сайт застаецца рэгіянальным. Але з рэдакцыяй у ранейшым складзе мы супрацоўнічаць не будзем. Будзем набіраць новую каманду, а рэдакцыйная палітыка будзе залежаць ад новага рэдактара. Ён будзе вызначаць змест і напрамак выдання. Вядома, не магу выключаць, што прадам сайт, калі гэта будзе мэтазгодна.
Вольга Радзюк: “Мне вельмі шкада, але “Витебский курьер” памірае
Былая рэдактарка “Витебского курьера” Вольга Радзюк адзначае, што за гады свайго існавання выданне займела шмат прыхільнікаў і добрую рэпутацыю ў рэгіёне, бо дапамагала вырашаць канкрэтныя праблемы мясцовых жыхароў. Яна мяркуе, што новы ўласнік гэтага не цэніць:
— Падчас папярэдніх перамоў мы ўсе бачылі някепскія перспектывы. Прынамсі, я спадзявалася, што Аляксей Шаблоўскі будзе займацца тэхнічным бокам справы, а я буду працаваць з журналістамі. Але праз месяц ён пачаў выстаўляць непрымальныя ўмовы працы, і я сышла. На калектыў ніхто не ціснуў: кожны мог застацца працаваць на сайце. Але з некаторымі, наколькі я ведаю, размоў пра далейшае супрацоўніцтва нават не было. Вельмі шкада, што мясцовы рэсурс, на аўтарытэт якога мы столькі працавалі, проста спляжаны.
Вольга Радзюк кажа, што пасля сыходу спрабавала наладзіць стасункі з уласнікам, каб толькі захаваць рэдакцыйны склад і магчымасць друкаваць аўтарскія матэрыялы, за якія гэты сайт палюбілі чытачы. Але Аляксей Шаблоўскі, паводле яе слоў, не пайшоў на перамір’е.
Паводле назіранняў Вольгі Радзюк, наведвальнасць сайта рэзка ўпала, нягледзячы на выкарыстанне тэхнічных сродкаў, каб утрымліваць яе на пэўным узроўні. Былая рэдактарка лічыць, што Віцебскі рэгіён, дзе і так практычна няма незалежнай прэсы, страціў яшчэ й інтэрнэт-рэсурс, які быў трыбунай для грамадскіх актывістаў, сродкам вырашэння праблем для гараджан і крыніцай цікавай інфармацыі для наведнікаў.