У Вільні судзяць юрыста Данелюса, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысьць Беларусі
У Віленскім акруговым судзе 2 кастрычніка пачаўся разгляд справы жыхара Вільні Мантаса Данелюса. Паколькі справа не зьяўляецца публічнай, суд праходзіць у закрытым рэжыме, са спасылкай на LRT піша «Радыё Свабода».
Літоўскага юрыста Мантаса Данелюса вінавацяць у шпіянажы на карысьць Беларусі і ўзьдзеяньні на сведак. На першым паседжаньні ў разглядзе яго справы абвясьцілі абвінаваўчае заключэньне, паведамляе BNS. На працэсе прысутнічалі пацярпелыя.
Данелюс знаходзіцца пад вартай, і на судовы працэс яго суправаджалі супрацоўнікі Службы грамадзкай бясьпекі Літвы.
Як паведамляла LRT са спасылкай на пракуратуру, дасудовае расьсьледаваньне па факце шпіянажу было пачатае ў канцы верасьня 2022-га, пасьля атрыманьня абгрунтаваных зьвестак пра тое, што Данелюс нібыта з пачатку 2022 году зьбіраў дадзеныя, якія цікавяць беларускую выведку.
Паводле вэрсіі сьледзтва, са студзеня 2022-га Данэлюс выконваў заданьні грамадзянкі Беларусі, якая супрацоўнічала зь беларускімі спэцслужбамі, зьбірала і перадавала цікавую для іх інфармацыю.
«Пад выглядам валянтэрскай дзейнасьці Данелюс кантактаваў зь дзейнымі ў Літве арганізацыямі, якія аб’ядноўваюць дэмакратычную апазыцыю рэжыму Рэспублікі Беларусь, асобамі, якія пераехалі ў Літву пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году, каб каб пазьбегнуць арышту, пазбаўленьня волі або іншага судовага перасьледу», — цытуе LRT паведамленьне пракуратуры.
З матэрыялаў сьледзтва вынікае, што Данелюс наведваў памяшканьні беларускіх апазыцыйных арганізацый, удзельнічаў у мерапрыемствах, зьбіраў і перадаваў інфармацыю аб іх дзейнасьці, праектах, крыніцах фінансаваньня, асобах, якія ўваходзяць у арганізацый.
Паводле сьледзтва, грамадзянка Беларусі, якая супрацоўнічае зь беларускай выведкай і завэрбавала Данелюса, інструктавала яго аб мэтадах збору інфармацыі, якая цікавіць выведку замежнай дзяржавы, і тэхнічных сродках, якія будуць выкарыстоўвацца, а таксама мэтадах перадачы сабранай інфармацыі, патрабаваньнях бясьпекі ўзаемнай сувязі. Як піша LRT, вядзецца пра журналістку АТН, прапагандыстку Ксенію Лебедзеву.
Мантасу Данелюсу пагражае ад 6 да 15 гадоў турмы.
Чытайце яшчэ:
Остаться в профессии. Вся помощь журналистам и медиа по одной ссылке
Гайд по легализации и «паспортам иностранцев» в Литве и Польше
Горькое наследство. Анна Мирочник объясняет, зачем протесту рассказывать о своих жертвах