У Віцебску абмеркавалі перавагі і пасткі закона аб персанальных дадзеных
Сустрэча віцебскіх рэгіянальных журналістаў і юрыстаў з Мінска прайшла ў фармаце прэс-клубу. Юрысты Алег Агееў і Алег Мацкевіч распавялі пра праект новага закона “Аб персанальных дадзеных”, якога ў Беларусі дагэтуль ніколі не было.
На думку Алега Агеева, новы закон закліканы абараніць прыватныя звесткі простых грамадзян, і гэта істотная перавага, калі вядзецца пра абарону права на прыватнае жыццё. Аднак закон аб персанальных дадзеных можа істотна абцяжарыць працу журналістаў.
Алег Мацкевіч пазнаёміў прысутных з асноўнымі палажэннямі законапраекта “Аб персанальных дадзеных”. Некаторыя з іх сталі прадметам актыўнага абмеркавання. У прыватнасці, неабходнасць пісьмовай згоды пэўнай асобы на публікацыю ці агучванне асабістых звестак, спецыфіка абыходжання з фотаздымкамі герояў журналісцкіх матэрыялаў, тэрмін “грамадскі інтарэс” і гэтак далей.
Падчас гутаркі давялося канстатаваць, што праект закона аб персанальных дадзеных, які ўжо вынесены для разгляду ў Палату прадстаўнікоў, патрабуе істотнай дапрацоўкі і ўнармавання з палажэннямі іншых заканадаўчых актаў, у тым ліку з заканадаўствам аб СМІ.
Закон аб персанальных дадзеных, якога дагэтуль у Беларусі не было, мае наблізіць нашу дзяржаву да стандартаў аховы прыватнасці, прынятых у шэрагу еўрапейскіх краін. Але ёсць небяспека, што яго палажэнні могуць быць выкарыстаныя супраць незалежных медыяў — калі дзяржаўныя структуры будуць імкнуцца вінаваціць журналістаў у парушэннях або паспрабуюць прыхоўваць інфармацыю, спасылаючыся на заканадаўства.