У Варшаве з’явіўся мурал з Анджэем Пачобутам
Мурал з палітзняволеным журналістам Анджэем Пачобутам з’явіўся ў пачатку верасня ў польскай сталіцы. Маляваць яго прыязджаў беларускі мастак з Аўстрыі, піша MOST.
За стварэнне мурала ўзяліся арганізацыі Młody Kresy і «Рух». Гэты мурал не ўзгаднялі з мясцовымі ўладамі Варшавы: у адным з раёнаў польскай сталіцы ёсць спецыяльная пляцоўка, дзе любы ахвотны можа зрабіць на сцяне свой малюнак.
— У Варшаве ёсць раён Бемова, дзе можна рабіць муралы і графіці, — распавядае старшыня арганізацыі Młody Kresy Міраслаў Капцэвіч. — Мы доўга ішлі да гэтай ідэі і спачатку хацелі зрабіць мурал у 2021 годзе, калі затрымалі Пачобута, Борыс (старшыня Саюза палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. — Заўв. MOST) і іншых польскіх дзеячаў. Але на той момант у нас не было тэхнічных магчымасцяў выканаць гэтую працу. Сёлета мы спрацаваліся з беларускай арганізацыяй «Рух». Яны мелі графіціста, і мы яго запрасілі з Аўстрыі зрабіць мурал з Пачобутам.
Капцэвіч адзначае, што сімвалічная супраца з беларускай арганізацыяй дала вынік.
— Анджэй Пачобут — паляк па нацыянальнасці, але ён перадусім грамадзянін Беларусі. Ён жыхар Гродна. І сімвалічна, што пры адкрыцці мурала там з’явіліся сцягі незалежнай Беларусі і Польшчы, — кажа Капцэвіч. — На самім мурале ёсць тэкст з напамінам для польскага грамадства, што ў Беларусі шмат палітвязняў — тысячы людзей. Сёння мы не ведаем рэальных лічбаў людзей, якія сядзяць па палітычных справах. Мы таксама пішам пра тое, што беларусы і палякі ў Беларусі маюць супольныя праблемы. Паміж іншым гэта русіфікацыя школ і дзяцей, закрыццё польскіх навучальных устаноў. І тое, што беларуская ўлада катуе беларускіх i польскіх патрыётаў. А Анджэй Пачобут і ёсць польскі патрыёт у Беларусі. Ён нязломны. У Польшчы часта кажуць żołnierzy niezłomni. І вось Анджэй і з’яўляецца такім нязломленым салдатам у Беларусі, пра якіх ён шмат пісаў у сваіх працах.
Чытайце яшчэ:
Аўстралійскі тэлежурналіст узяў удзел у Марафоне салідарнасці, падтрымаўшы Анджэя Пачобута
«Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару
«Упершыню купіў у турэмнай краме марскую капусту». Што новага ў палітзьняволенага журналіста Дзяніса Івашына