У ваенкамат фрылансер Жукоўскі прыйшоў у паласатай робе – на вайсковыя зборы яго не забралі
Гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага не забралі 31 ліпеня на вайсковыя зборы, як тое было прызначана гарадскім ваенкаматам на пачатку месяца.
“Я прыйшоў у прызначаны час у ваенкамат. Але датычна мяне ніякіх рашэнняў не прымалі. Я нават выклікаў міліцыю, бо выявілася падтасоўка медычных даведак. У ваенкамат з 3‑й гарадской клінічнай бальніцы прыйшла даведка, што я здаровы, а ў паліклініку па месцы жыхарства паведамілі, што ў мяне знойдзены гепатыт. Напісаў заяву ў міліцыю, каб разабраліся з падтасоўкай: розныя даведкі падпісаны адной і той жа асобаю”, – распавёў службе маніторынгу ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі.
43-гадовы фрылансер прыехаў у ваенкамат ў паласатай гулагаўскай робе. Адначасова вёў стрым. Жукоўскі перакананы, што вымудры з вайсковымі зборамі, працяглымі медычнымі камісіямі, пагрозамі адправіць у псіхіятрычную лякарню не абыйшліся без удзелу зацікаўленых спецслужбаў.
“Мурыжылі мяне са зборамі, каб не займаўся журналістыкай. Затрыманнямі, пратаколамі, штрафамі нічога не дамагліся, дык зайшлі з іншага боку – скарысталі, што я паводле ўзросту ваеннаабавязаны”, – лічыць Жукоўскі.
Па словах фрылансера, раней яму тлумачылі ў ваенкамаце: беларускай арміі надзвычай патрэбныя наводчыкі-танкісты. Такую вайсковую спецыяльнасць меў Жукоўскі, калі праходзіў тэрміновую службу. У апошні час Жукоўскага спрабавалі адправіць “партызаніць” на нейкую “базу захоўвання”.