У судзе над Кацярынай Андрэевай абвешчаны перапынак на тыдзень
Пасяджэнні працягнуцца 13 ліпеня.
У новым судовым працэсе над журналісткай Кацярынай Андрэевай абвешчаны перапынак на тыдзень. Пасяджэнні працягнуцца 13 ліпеня. З чым звязаная гэтая паўза — невядома, паведаміў у сацсетках яе муж Ігар Ільяш.
Новы суд над журналісткай «Белсата» пачаўся 4 ліпеня. Ёй выставілі абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве»). Паводле гэтага артыкула, ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.
Што канкрэтна інкрымінуецца журналістцы і на аснове якіх падзей узнікла абвінавачванне — невядома. Адвакат Кацярыны застаецца пад строгай падпіскай аб неразгалошванні і ніякіх акалічнасцяў не можа распавесці нават сваякам.
Кацярына Андрэева была затрыманая разам з калегай Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 года на «Плошчы перамен» пасля акцыі ў памяць пра Рамана Бандарэнку і асуджаная да двух гадоў калоніі. На волю Кацярына павінна была выйсці ў верасні гэтага года, аднак вясной стала вядома пра новы суд.