• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “У студэнта не павінна быць рамантычных уяўленняў пра журналістыку”

    Оскар Ціфенталь (Oscar Tiefenthal) працаваў шмат у якіх газетах, у тым ліку “Welt am Sonntag” (нядзельны выпуск “Die Welt”), дзе з 1990 па 2002 гады быў галоўным рэдактарам і кіраўніком службы навінаў. Цяпер ён кіруе Пратэстанцкай школай журналістыкі ў Берліне. 

    Навучальную ўстанову амаль цалкам фінансуе пратэстанцкая царква. Але адзіная праява “пратэстантызму” школы – у імкненні выхаваць у сваіх студэнтаў абвостранае пачуццё адказнасці, сцвярджае дырэктар.

    – Каталікі, пратэстанты, мусульмане, няверуючыя – нам усё адно. Толькі 5% нашых студэнтаў пасля ідуць працаваць у царкоўныя медыя. Адзінае, чаго мы хочам ад іх, – гэта адкрытасць у поглядах. Этыка – цэнтральны пункт нашага навучання. Мы стараемся давесці сваім навучэнцам, што яны маюць не проста набор прафесійных інструментаў, але і адказнасць перад грамадствам. Дыскусіі на гэтую тэму ў нас адбываюцца штотыдзень.

    Па словах Оскара Ціфенталя, шляхоў у журналістыку ў Германіі некалькі: навучанне ва ўніверсітэце на адпаведным факультэце, спецыяльная прафпадрыхтоўка пры нейкай медыякампаніі (voca­tion­al train­ing), а таксама школа журналістыкі, якая найперш арыентаваная на практыку.

    Ты не абавязаны адвучыцца ва ўніверсітэце на “журналістыцы”, але практычную спецпадрыхтоўку прайсці мусіш – канешне, калі хочаш, каб з табой лічыліся працадаўцы.

    – Нават калі ты прафесар – ты павінен прайсці практычнае навучанне, – кажа Оскар. – У нас некаторыя студэнты – дактары філасофіі. Ніякай розніцы.

    Факультэты журналістыкі ў Германіі ёсць ва ўніверсітэтах Дортмунда, Лейпцыга і Майнца. Школ журналістыкі – каля дзясятка, у асноўным у вялікіх гарадах. Гэта, можна сказаць, элітныя ўстановы.

    Навучанне ў Пратэстанцкай школе журналістыкі – бясплатнае. Але трапіць у лік навучэнцаў даволі складана. Хочуць трапіць туды сотні, а выпускнікоў не больш за 30–40 на год. “Выпускных іспытаў па заканчэнні нашай школы няма. Калі нехта не супрацоўнічае з намі – ён вылятае. Калі “не цягне” – таксама вылятае”, – кажа Оскар Ціфенталь.

    – Мы самі вырашаем, каго хочам навучаць. Бярэм не кар’ерна-арыентаваных, а тых, хто сапраўды цікавіцца медыямі. 18–19-гадовых не прымаем. Нам трэба, каб чалавек ужо дакладна ведаў, чаго хоча ў жыцці, і каб у яго не было рамантычных уяўленняў пра журналістыку. Мы працуем з дарослымі людзьмі і размаўляем з імі па-даросламу. Звычайна нашым вучням ад 25 да 30 гадоў.

    Па словах кіраўніка школы, важны крытэр – дзе вучыўся студэнт дагэтуль і ці скончыў ён сваю навучальную ўстанову.

    – Мне ўсё роўна, што ён вывучаў. Я хачу ведаць, што ён нешта скончыў. Мне не патрэбныя лузеры, якія стараюцца хоць некуды прыстроіцца.

    У Пратэстанцкай школе журналістыкі ў Берліне вучацца 22 – 24 месяцы. Навучальны працэс базуецца на чаргаванні тэарэтычных заняткаў (па 2 месяцы) і практычных трэнінгаў-стажыровак у СМІ (па 3 месяцы). Кожны навучэнец павінен прайсці трэнінгі ў розных відах медыяў: і на радыё, і на тэлебачанні, і ў анлайн-рэдакцыях, і ў друкаваных СМІ.

    Штогод навучэнцы выпускаюць свой школьны часопіс “Ein­stein”, рыхтуюць уласныя мультымедыя-праекты (напрыклад, “So wird Berlin” – пра тое, што будзе з Берлінам праз 20 гадоў). У школе ёсць радыё- і тэлестудыя з прафесійным абсталяваннем.  

    – Студэнты павінныя ўмець рабіць усё – гэты бізнэс развіваецца вельмі хутка. Калі я пачынаў сваю кар’еру, было вельмі проста атрымаць працу ў рэдакцыі з добрым заробкам. Сёння большасць студэнтаў пачынае працаваць як фрылансеры, якія мусяць умець усё – тады ў іх лепшыя шанцы ўладкавацца ў прафесіі. Мы спрабуем даць медыярынку тых людзей, якія яму патрэбныя, – рэзюмуе дырэктар.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці