• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У спіс экстрэмістаў дадалі Святлану Лупач — асуджаную дачку незалежнага журналіста Змітра Лупача

    Імя і прозвішча жанчыны з'явілася ў «Пераліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці» 19 студзеня. У «экстрэмісцкім спісе» пазначана, што Святлану Лупач асудзілі да пазбаўлення волі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Летась у жніўні праваабарончая супольнасць прызнала яе палітычнай зняволенай.

    Святлану Лупач затрымалі ноччу 1 траўня 2023 года на адной з аграсядзібаў у Глыбоцкім раёне, дзе яна адпачывала з сябрамі. У пастарунак забралі некалькі чалавек, але да раніцы адпусцілі ўсіх, апрача Святланы. Падчас праверкі  яе мабільнага тэлефона міліцыянты знайшлі падставы для складання пратакола пра адміністрацыйнае правапарушэнне.

    Суддзя Глыбоцкага суда Андрэй Тарасевіч 3 траўня пакараў жанчыну спачатку 10-цю суткамі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Пасля гэтага, ужо за кратамі, на яе склалі яшчэ адзін пратакол і асудзілі да штрафу памерам 25 базавых велічыняў.

    Адбыўшы арышт, на волю Святлана не выйшла — яе перавялі ў віцебскі СІЗА‑2, прад’явіўшы абвінавачванне паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Падставай для гэтага сталі фотаздымкі з мінскіх пратэстных акцый 2020 года, знойдзеныя ў мабільным тэлефоне.

    Працэс над Святланай Лупач прайшоў ў кастрычніку мінулага года ў судзе  Першамайскага раёна Віцебска. Жанчына адбывае пакаранне пазбаўленнем волі паводле выраку суддзі Міхаіла Юрчанкі. Зварот у апеляцыйную інстанцыю не дапамог змяніць прысуд дачцэ незалежнага журналіста. Зміцер Лупач, які на той час знаходзіўся за мяжой, бо быў вымушаны з’ехаць з Беларусі пасля пагрозы крымінальнай справай, лічыць пераслед сілавікамі сваёй дачкі помстай яму за яго прафесійную дзейнасць. 

    Чытайце яшчэ:

    У зняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай з’явілася «хросная»

    «Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?

    На гродзенскую журналістку падалі заяву ў міліцыю героі яе публікацыі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці