• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У сераду, 7 снежня — чарговыя слуханні па іску “Мілкавіты” супраць Юрася Карманава

    Пасяджэнне адбудзецца ў Эканамічным судзе горада Мінска а 10.30. Суддзя — Таццяна Сапега.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/002_karmanau_20161005_dsc5968.jpg

    На мінулым пасяджэнні прадстаўнік ТАА “Мілкавіта” чарговы раз змяніў іскавыя патрабаванні. Цяпер прадпрыемства патрабуе не абвяржэння апальнага матэрыялу пра малако на сайце Asso­ci­at­ed Press, а толькі каб Юрась Карманаў накіраваў у рэдакцыю інфармацыйнага агенцтва звесткі, якія б абвяргалі надрукаваны тэкст.

    Таксама суд адмовіўся прыцягнуць у якасці суадказчыка само інфармацыйнае Asso­ci­at­ed Press, якое распаўсюдзіла інфармацыю. Такім чынам ТАА “Мілкавіта” нічога ад Asso­ci­at­ed Press не патрабуе.

    Апроч гэтага, у новых іскавых патрабаваннях “Мілкавіта” патрабуе прызнаць тое, што выкарыстаная ў матэрыяле цытата вядомага прафесара Юрыя Бандажэўскага абражае дзелавую рэпутацыю прадпрыемства.

    Аднак у цытаце Бандажэўскага (“We have a dis­as­ter, he told the AP in the Ukraine cap­i­tal, Kiev. In Belarus, there is no pro­tec­tion of the pop­u­la­tion from radi­a­tion expo­sure. On the con­trary, the gov­ern­ment is try­ing to per­suade peo­ple not to pay atten­tion to radi­a­tion, and food is grown in con­t­a­m­i­nat­ed areas and sent to all points in the coun­try”) наогул не згадваецца “Мілкавіта”.

    Журналісты АР у красавіку 2016 года правялі расследаванне аб актыўным выкарыстанні забруджаных зямель Чарнобыльскай зоны ў сельскай гаспадарцы. Журналісты даведаліся, што фермер Мікалай Чубянок, які арганізаваў малочную ферму за некалькі кіламетраў ад знакаў «Стоп! Радыяцыя!», штодня здае каля дзвюх тон малака на завод ААТ «Мілкавіта» ў Хойніках. Каля 90 % прадукцыі ААТ «Мілкавіта» з Хойнікаў ідзе на экспарт у Расію.

    Аналіз малака ў галоўнай лабараторыі Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказаў, што дапушчальныя нормы па ўтрыманні стронцыю (SR-90) перавышаныя ў 10 разоў. Згодна з заключэннем цэнтра, які мелі журналісты, малако ўтрымлівала 37,5 Бк/кг стронцыю пры дапушчальнай норме ў 3,7 Бк/кг.

    Журналісты не толькі праінфармавалі аб выніках даследаванняў кіраўніцтва «Мілкавіты», але і працытавалі ў сваім артыкуле словы прадстаўніка завода Маю Феданчук. Яна паведаміла, што «ўласны аналіз лабараторыі завода паказвае, што малако адпавядае нормам і ўтрымлівае стронцыю ў сярэднім 2,85 Бк/кг».

    Пасля публікацыі Дэпартамент па ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС МНС Беларусі правёў праверку, якая не выявіла ў малацэ перавышэння па колькасці стронцыю-90. На гэтыя вынікі і спасылаецца ААТ «Мілкавіта» ў сваёй заяве ў суд. «Мілкавіта» патрабавала ад журналіста «абвергнуць загадзя ілжывыя звесткі» не толькі на сайце АР, але і на 7 беларускіх, польскіх і расійскіх сайтах, якія распаўсюдзілі інфармацыю.

    Першапачаткова слуханні праходзілі ў судзе Маскоўскага раёна Мінска (па месцы жыхарства адказчыка). Аднак журналіст Asso­ci­at­ed Press хадайнічаў аб пераносе працэсу ў Эканамічны суд Мінска, бо, паводле заканадаўства, менавіта такія суды разглядаюць справы, звязаныя з патрабаваннямі гаспадарчых суб’ектаў. Суддзя Алена Рудніцкая задаволіла гэта хадайніцтва і справу перадалі ў эканамічны суд.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці