У Рызе адбылася акцыя ў падтрымку скрадзенага ў Тбілісі журналіста Афгана Мухтарлы
Два дзесяткі журналістаў з 12 краін, у тым ліку і з Беларусі, зладзілі сёння ў Рызе (Латвія) флэш-моб побач з азербайджанскай і грузінскай амбасадамі ў падтрымку скрадзенага ў Тбілісі Афгана Мухтарлы, якому пагражае 8 год зняволення ў Азербайджане.
Журналісты з пакетамі на галовах (Афган Мухтарлы распавёў раней праз адваката, што невядомыя людзі сілай зацягнулі яго ў машыну на вуліцы ў Тбілісі, нацягнулі на галаву чорны пакет і перавезлі ў Азербайджан) трымалі ў руках плакаты з патрабаванне вызваліць азербайджанскага калегу.
Афгана Мухтарлы выкралі 29 траўня каля яго дома ў Тбілісі, дзе ён жыў з сям’ёй апошнія два гады, і сілком прывезлі ў турму ў Баку. На наступны дзень яго абвінавацілі ў нелегальным перасячэнні мяжы і ўвозе буйной сумы грошай. Яму пагражае мінімум 8 гадоў зняволення. Мухтарлы займаўся расследаваннямі бізнэсу сям’і прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева ў Грузіі, а таксама тэмай карупцыі ў Міністэрстве абароны Азербайджана.
Фота: Alfrēds Ulmanis/Fotal.lv