У рэдакцыю Hrodna.life прыйшлі з МНС і УУС, але нібы не ведалі, куды прыйшлі
18 снежня ў рэдакцыю Hrodna.life прыйшоў інспектар МНС з пазапланавым маніторынгам. З ім былі два супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным. Апошні аказаўся супрацоўнікам аддзела ідэалогіі.
Перад пачаткам размовы інспектар па пажарнай бяспецы Руслан Стасюк прызнаўся, што не ведае, у якую арганізацыю яны прыйшлі. «Гэта не праверка, а пазапланавы маніторынг», — удакладніў ён.
Супрацоўнік МНС быў ветлівы. Пытанні былі да камплектнасці вогнетушыцеля і падлучанага падаўжальніка. Інспектар параіў не выкарыстоўваць электрапрыборы, старэйшых за 10 гадоў, выключаць з разеткі на ноч кавамашыну, папрасіў праверыць пашпарт халадзільніка і нагадаў аб тэрмінах праходжання інструктажу па пажарнай бяспецы для супрацоўнікаў. Па выніках маніторынгу паабяцалі скласці рэкамендацыі.
Адзін з супрацоўнікаў міліцыі, калі заўважыў, што тое, што адбываецца, здымаюць на відэа, папярэдзіў, што за абразлівыя каментары ў інтэрнэце ён будзе падаваць на рэдакцыю ў суд.
Невядомы ў цывільным аказаўся супрацоўнікам ідэалогіі выканкама. Нейкі час ён стаяў моўчкі, потым выйшаў. Адзін з міліцыянтаў, Міхаіл Паўлоўскі, ужо шукаў сцяг ў рэдакцыі Hrodna.life у верасні і, верагодна, сведчыў супраць айцішніка Уладзіміра Родчанкі, які 12 жніўня стаяў на плошчы з плакатам параненай напярэдадні пяцігадовай дзяўчынкі. Другі міліцыянт, Андрэй Гаўрылюк, таксама праходзіў сведкам па справе Родчанкі і журналістаў «Белсат». Таксама ён складаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні на журналістку Hrodna.life 11 кастрычніка.
Правяраючыя прыйшлі ў рэдакцыю пасля комплекснай праверкі крамы патрыятычных сувеніраў «Адметнасць», якая знаходзіцца ў суседнім памяшканні.