У Расеі журналістку Свабоды ўнесьлі ў сьпіс экстрэмістаў і тэрарыстаў
Пскоўскую журналістку Сьвятлану Пракоп’еву, якая супрацоўнічае з Радыё Свабода як пазаштатная карэспандэнтка, унесьлі ў сьпіс экстрэмістаў і тэрарыстаў Расфінманіторынгу. Адносна яе распачатая крымінальная справа па артыкуле аб «апраўданьні тэрарызму» — за адну фразу.
Сьвятлана Пракоп’ева ў эфіры радыё «Эхо Москвы» выказала думку, што дзяржава «сама выхавала» пакаленьне грамадзян, якое змагаецца зь ім.
Эфір быў прысьвечаны выбуху ва ўпраўленьні Фэдэральнай службы бясьпекі ў кастрычніку 2018 году — анарха-камуніст учыніў самападрыў ля ўваходу ў будынак, загінуў сам і параніў трох. За некалькі хвілінаў да выбуху карыстальнік Telegram пад іншым імем «анансаваў» выбух і заявіў, што «прычыны для вас цалкам зразумелыя» і што ФСБ «фабрыкуе справы і катуе людзей».
Раней «Эхо Москвы» аштрафавалі за эфір на 150 тысяч расейскіх рублёў (каля 2360 даляраў), а выданьне «Псковская лента новостей», якое перадрукавала тэкставую вэрсію эфіру, — на 200 тысяч расейскіх рублёў (каля 3150 даляраў), і ў рэдакцыі правялі ператрус.
У Пракоп’евай цяпер заблякаваныя банкаўскія рахункі, яна засталася бяз грошай. На яе думку, ёй хутка выставяць абвінавачаньне, хоць сьледзтва працягнулі да 5 верасьня.
За Пракоп’еву заступіліся журналісты, праваабаронцы, палітыкі і грамадзкія дзеячы.