• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Полацку прайшоў трэнінг “Відэа вашым смартфонам: плануем, здымаем, мантуем”

    Па даўняй традыцыі полацкія БАЖаўцы арганізавалі супольную імпрэзу, запрасіўшы да сябе журналістаў з Віцебска,  Глыбокага і Браслава.

    Гэты трэнінг быў арганізаваны не для прафесійных відэааператараў, якія працуюць з сур’ёзным абсталяваннем, а для тых журналістаў, хто мае патрэбу навучыцца здымаць і апрацоўваць відэа “у палявых умовах”.

    “Гэтае навучанне арганізавана для таго, каб журналіст мог не толькі  напісаць тэкст на пэўную тэму, але зрабіць для яго і якасны фотарэпартаж, аператыўна  стварыць відэасюжэт для сайта свайго выдання. Таму мая задача як трэнера — самымі простымі словамі патлумачыць, як здымаць відэа ўвогуле і смартфонам у прыватнасці, якімі праграмамі скарыстацца для мантажу, як змантаваць сюжэт на смартфоне,” — гаворыць трэнер Аляксандр Зянкоў.

    Усімі гэтымі навыкамі ўдзельнікі трэнінгу мусілі авалодаць за два дні. Бо якраз такой была мэта навучання: адразу прымяніць веды на практыцы.

    Адзін з “пробных”  відэаролікаў, створаных непасрэдна падчас навучання, быў прысвечаны першым уражанням ад пачутага і засвоенага на трэнінгу.

    Яшчэ некалькі “відэаспробаў” былі звязаны з актуальнымі праблемамі рэгіёну: журналісты высвятлялі, ці лёгка ў Полацку ўладкавацца на працу, спрабавалі ўзняць праблему неабходнасці рамонту гарадскога маста праз Дзвіну. Некалькі відэаролікаў на гэтую тэму зняў палачанін Генадзь Воранаў. Вынікамі навучання ён задаволены:

    “Я даведаўся пра існаванне праграм для апрацоўкі і мантажу відэа. Пасля тлумачэнняў трэнера яны падаліся абсалютна нескладанымі, і ранкам другога дня навучання я накіраваўся на здымкі. Даўно не рамантаваны мост для мяне з’ёсць вялікай праблемай: на ім заўжды “коркі”, бо машыны не могуць ехаць хутка з‑за дрэннага стану дарожнага пакрыцця. Свае відэаролікі — а я зрабіў іх нават не адзін, а два — я размяшчу ў сацыяльных сетках. А таксама аддам для публікацыі тым журналістам, якія працуюць на мясцовых інтэрнэт-сайтах. Магчыма, такім чынам справа з рамонтам нарэшце зрушыць з месца!”

    Паводле ўмоваў трэнінгу,  свой першы відэаролік кожны з  удзельнікаў мусіць паказаць трэнеру — для заўвагаў і парадаў, а таксама калегам — для супольнага абмеркавання. З гэтай мэтай кіраўнік полацкай суполкі ГА “БАЖ” Віктар Стукаў стварыў у Face­book  адмысловую закрытую суполку. Трэнер Аляксандр Зянкоў запэўнівае, што нікому не адмовіць у кансультацыях і надалей.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці