• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Оршы зладзілі «спецаперацыю» па выяўленні аўтараў матэрыяла на “Белсаце”

    Супрацоўнікі Аршанскага РАУС не змаглі сказаць, хто такі “журналіст”, і чаму нельга распытваць мінакоў на плошчы Леніна. Таму на працэс над Віталем Скрылём і Уладзімірам Лунёвым 22 лютага суддзя выклікаў сведак.

    Віталь Скрыль і Уладзімір Лунёў

    Кастрычніцкі райсуд Віцебска спрабуе высветліць, хто мае дачыненне да з’яўлення на сайце belsat.eu матэрыяла “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”.

    Адміністрацыйныя справы па артыкуле 22.9 КаАП Аршанскі РАУС распачаў супраць жыхароў Віцебска Уладзіміра Лунёва і Віталя Скрыля. Судовы працэс распачаўся 19 лютага, але доказаў, каб хлопцаў прызнаць вінаватымі, у складальнікаў пратакола не хапіла.

    Паводле маёра міліцыі Ліліі Трушко, правапарушэнне было раскрытае з дапамогай супрацоўнікаў ДАІ.

    Для гэтага міліцыянты задзейнічалі столькі сілаў і рэсурсаў, нібыта шукалі небяспечных злачынцаў. Прынамсі, так вынікае з тлумачэнняў складальніцы пратакола.

    “25 студзеня я займалася маніторынгам сеткі інтэрнэт, і заўважыла матэрыял “За што ў Воршы так не любяць Лукашэнку?”. Я прыгадала, што 17 студзеня на плошчы Леніна адбывалася відэафіксацыя таго, як невядомыя маладыя людзі пра нешта распытваюць аршанцаў. Разам з супрацоўнікам, які ажыццяўляў відэафіксацыю, мы параўналі сюжэт на belsat.eu і запісы службовай відэакамеры. Мы зрабілі высновы, што ўдзельнікі сюжэту — адны і тыя ж мінакі. Быў аддадзены загад аператыўным чынам высветліць іхныя асобы. А таксама асобы двух мужчын, якія здымалі мінакоў на плошчы Леніна. Для гэтага мы распаўсюдзілі службовы відэазапіс па ўсіх падраздзяленнях. Двух мужчын апазнаў супрацоўнік ДАІ, які затрымаў машыну Уладзіміра Лунёва для праверкі дакументаў”, — тлумачыла ў судзе маёр Трушко.

    Што да саміх удзельнікаў інцыдэнту, то насамрэч усё было значна прасцей. Падчас паездкі ў Оршу яны адчулі надта пільную персанальную ўвагу — па горадзе іх суправаджала машына, дзе знаходзіўся мужчына ў прыкметнай чырвонай куртцы. А потым Уладзіміра Лунёва спынілі работнікі ДАІ, прычым запатрабавалі яшчэ і дакументы пасажыраў.

    Супрацоўнікі міліцыі, якія завялі адміністрацыйныя справы на Уладзіміра Лунёва і Віталя Скрыля, так і не здолелі патлумачыць, у чым сутнасць правапарушэння. Ім давялося пагадзіцца, што размаўляць з людзьмі ў грамадскім месцы — не забаронена, і запісваць змест гутаркі з дапамогай тэхнічных сродкаў — таксама не забаронена. Акрэсліць, хто такі “журналіст”, і чаму адміністрацыйны артыкул 22.9 яны прымянілі ў дачыненні да фізічных, а не юрыдычных асобаў, прадстаўнікі РАУС таксама не змаглі.

    Суддзя Кастрычніцкага райсуда Віцебска Ігар Белавус, выслухаўшы прамову Віталя Скрыля, дзе былі пералічаныя ўсе аргументы супраць абвінавачання, а таксама памылкі ў паперах з аршанскай міліцыі, вырашыў выклікаць на працэс мінакоў, чые выказванні трапілі ў відэасюжэт. Паводле міліцыянтаў, яны высветлілі асобы трох чалавек, але ў матэрыялах справаў чамусьці ёсць паказанні толькі аднаго.

    Судовы працэс над Віталём Скрылём і Уладзімірам Лунёвым будзе працягнуты 22 лютага а 15.45.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці