У офісе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН адбыўся вобшук
Нікога з супрацоўнікаў не затрымалі. З офіса прадстаўнікі Следчага камітэта забралі некалькі адзінак тэхнікі.
Вобшук адбываўся ў межах расследавання справы журналіста Андрэя Аляксандрава.
Дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў расказаў, як адбываўся вобшук:
— За час трохгадзіннага вобшуку забралі некаторыя запісы, дакументы, дзесяць жорсткіх дыскаў ад кампутараў і два жорсткіх дыска ад лакальнага сервера. Работа рэдакцыі паралізаваная. Будзем адбудоўваць, але спатрэбіцца час.
Дзмітрый Наважылаў сказаў, што, калі зачытвалі пастанову на вобшук, былі агучаныя артыкулы 342 і 293 Крымінальнага кодэкса. Ці датычны 293-ці артыкул справы журналіста Андрэя Аляксандрава, Наважылаў не ведае.
Цяпер ёсць дамоўныя адносіны паміж БелаПАН і Андрэем Аляксандравым, то бок ён з’яўляецца пазаштатным супрацоўнікам. Аляксандраў у 2015–2018 гадах працаваў намеснікам дырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.
Журналістка БелаПАН Таццяна Бублікава прысутнічала на пачатку вобшука ў офісе інфармагенцтва. Яна апублікавала відэа на старонцы ў Facebook, у якім паспела расказаць, што людзі ў форме прыйшлі ў офіс а 12:10.
Таццяне стала кепска і змагла выйсці з офіса са сваім смартфонам. Журналістку шпіталізавалі з дыягназам «гіпертанічны крыз». Яна ў бяспецы.
Нагадаем, учора быў затрыманы журналіст, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Ён затрыманы ў межах крымінальнай справы, якую распачало ўпраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску. Пра гэта распавяла адвакат журналіста. З яе ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Пазней стала вядома, што Андрэй Аляксандраў праходзіць падазраваным па арт. 342 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».