«У нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё». Вялікая гутарка з галоўным рэдактарам «Нашай нівы»
У размове са Свабодай Ягор Марціновіч расказаў пра сваю крымінальную справу, працу рэдакцыі «Наша ніва» пасьля жніўня 2020 году і патлумачыў, чаму перакананы ў непазьбежнай перамозе рэвалюцыі.
Свабода пачынае сэрыю размоваў зь вядомымі журналістамі і галоўнымі рэдактарамі вядучых недзяржаўных СМІ Беларусі. Першай стала гутарка зь Ягорам Марціновічам, галоўным рэдактарам выданьня «Наша ніва» і парталу nn.by.
Сьцісла
-
«Усе 20 супрацоўнікаў пабывалі на допытах у СК».
-
«Ніхто з журналістаў пасьля жніўня-2020 ня звольніўся».
-
«НН» цяпер працуе гэтаксама, як і год таму.
-
Праца зь Беларусі — прынцыповы момант.
-
«Ідзе пласт за пластам зачыстка любой актыўнасьці».
-
«Я прыемна зьдзіўлены тым, што адбывалася ў Беларусі мінулымі летам і восеньню»
«Мне прыемна, што пасьля жніўня 2020 году ніхто з журналістаў ня звольніўся»
10 жніўня Ягора Марціновіча затрымалі ў Менску. Празь некалькі дзён яго вызвалілі са сьледчай турмы ў Жодзіне на асабісты загад міністра ўнутраных спраў Караева.
23 верасьня Марціновіча затрымалі паўторна ў межах крымінальнай справы паводле артыкулу 188 — за «паклёп на намесьніка кіраўніка МУС Барсукова». Падставай стала апублікаванае на сайце «Нашай нівы» інтэрвію з адным з «дыджэяў перамен» Уладзіславам Сакалоўскім. Пасьля трох сутак на Акрэсьціна Марціновіча зноў вызвалілі, але ён застаецца падазраваным.
«З маімі судамі пакуль нічога, сёньня езьдзіў да свайго былога сукамэрніка на прысуд. Далі чатыры гады пазбаўленьня волі, як і хацеў пракурор, — расказвае Марціновіч. — Мы з гэтым хлопцам у верасьні былі на Акрэсьціна, калі мяне забралі за „паклёп“. Гэтая крымінальная справа на мне яшчэ вісіць. У ёй няма нейкага руху больш. Усе 20 супрацоўнікаў „Нашай нівы“ схадзілі на допыты, усе нешта сказалі там. Напэўна, тое, што не зьяўляюцца аўтарамі тэксту. І ўсё вісіць: ні туды, ні сюды».
Ягор гаворыць, што яго такі стан рэчаў пакуль задавальняе. Бо калі справу перададуць у пракуратуру і суд, то пакараньне паводле гэтага артыкулу — тры гады «хіміі». Ягору цяпер забаронены выезд зь Беларусі, але ён кажа, што праз каранавірус і так асабліва няма куды ехаць. Тэрмін даўнасьці ў ягонай крымінальнай справы — два гады. Пакуль прайшло толькі 6 месяцаў. Марціновіч ня ведае, пра што сьледчыя размаўлялі з журналістамі «Нашай нівы» — тыя ўсе падчас допытаў далі падпіску аб невыдаваньні.
Амаль за год, што прайшоў ад пачатку выбарчай кампаніі 2020-га, з «Нашай нівы» ня звольніўся ніводзін супрацоўнік. Ягора вельмі гэта радуе.
«Не скажу, што я зьдзіўлены, але для мяне гэта прыемна, — прызнаецца Марціновіч. — Я на такое спадзяваўся, вядома. У „Нашу ніву“ працаваць людзі прыходзілі з розных месцаў. Хтосьці быў актывістам у 2000‑я, хтосьці перайшоў з рэгіянальных СМІ, нехта зь дзяржаўных. У кожнага былі свае чаканьні і свае патрабаваньні да камфорту. Але ўсё адно за апошні год ніхто не сказаў, што „ўсё, я сыходжу, бо так працаваць больш невыносна“. Што могуць пасадзіць у любы дзень. Усе працуюць тут, ніхто ня зьехаў».
«Мы працуем так, як працавалі год таму»
Па словах галоўнага рэдактара «НН», ягоны працоўны дзень сёньня практычна не адрозьніваецца ад таго, якім ён быў у сакавіку 2020-га. Марціновіч сьвядома выбраў такі падыход, калі працоўны распарадак не залежыць ад вонкавых умоваў.
«І я, і мы ўсе працуем так, як быццам нічога не зьмянілася. З пункту гледжаньня закону не зьмянілася нічога. То чаму я павінен неяк іначай працаваць, іначай падыходзіць да тэмаў, штосьці закранаць, а нешта не, — разважае Ягор. — Нашыя нарады праходзяць гэтаксама, як і да выбараў, да каранавірусу. Мы па-ранейшаму стараемся працаваць у офісным рэжыме. Бо, на жаль, калі творчы чалавек працуе з дому, то эфэктыўнасьць працы зьніжаецца шмат у каго».
Ягор прызнае, што зьмены закранулі толькі тэмы, якія цяпер яго выданьне асьвятляе найбольш. Год таму быў адзін суцэльны каранавірус, цяпер вялікую частку займаюць рэпрэсіі, пратэсты і іншыя палітычныя публікацыі. «Наша ніва» пры гэтым не спрабуе штучна ўтрымліваць балянс паміж палітычнымі і іншымі тэмамі, а таксама спосабамі іх падачы.
«Мы працуем не для сябе, мы працуем для аўдыторыі, — кажа Марціновіч. — Калі аўдыторыя адчувае патрэбу ў такіх тэмах, калі яна чытае гэта, мы будзем пра іх і пісаць. Я ня стаўлю лімітаў. Маўляў, 33% матэрыялаў будзе такіх, а рэшта — іншыя. Калі год таму пачынаўся каранавірус, то, напэўна, 70–80% уласных матэрыялаў было прысьвечана яму. Тады аўдыторыя гэта актыўна чытала, ёй гэта было патрэбна. Цяпер пра тое, што нехта памёр ад каранавірусу, ніхто чытаць ня будзе. На жаль, гэта ўжо ўспрымаецца як трагічны, але звычайны эпізод. Магчыма, праз паўгода пра палітычныя працэсы перастануць чытаць. Тады мы зьменшым колькасьць артыкулаў пра іх».
Пасьля падзей лета 2020 году аўдыторыя толькі вырасла
Праблемы ўзьніклі з самой аўдыторыяй, кажа рэдактар «НН». Дакладней, з тым, як можна адсачыць яе пасьля жніўня 2020-га і блякаваньня сайтаў некаторых недзяржаўных СМІ, у тым ліку «Нашай нівы». Ягор Марціновіч гаворыць, што, напрыклад, у тэлеграм-канале «НН» цяпер больш за 90 тысяч падпісчыкаў. Вялікая іх частка спажывае інфармацыю толькі там, не пераходзячы на сайт. Цяпер стала цяжка ацаніць, колькі чалавек у выніку прачыталі той ці іншы артыкул.
Гэтаксама складана стала, па словах Марціновіча, ацаніць сваю працу на фоне іншых недзяржаўных СМІ. Калі раней можна было параўноўваць колькасьць праглядаў на сайце «НН» і старонках «Белсату» ці Свабоды, то цяпер апошнія пераключыліся на іншыя спосабы данясеньня інфармацыі.
«Нашая аўдыторыя, я думаю, вырасла, — кажа Ягор Марціновіч. — За кошт таго, што адбывалася ў чэрвені, ліпені, жніўні. Была вельмі вялікая палітызацыя. Калі казаць пра колькасьць наведваньняў сайту, то яна крыху падрасла адносна таго каранавіруснага выбуху. І да таго ж зваліўся мяшок наведнікаў з тэлеграм-каналу. Там у нас 93 тысячы падпісчыкаў. На сайце цяпер у нас недзе 120–150 тысяч унікальных наведнікаў за дзень».
Тэлеграм-канал «Нашай нівы» вядзецца толькі па-беларуску, усе пераходы на сайт адтуль адбываюцца на беларускую вэрсію сайта. Марціновіч кажа, што ў рэдакцыі знарок ускладнілі пераход на расейскую, каб як мага больш чытачоў заставалася на асноўнай. Цяпер прыкладна траціна чытае сайт «НН» па-расейску, рэшта наведнікаў выбіраюць беларускамоўную вэрсію nn.by. Па словах Марціновіча, у рэдакцыі разумеюць, што большасьць новых чытачоў, якія пачалі заходзіць на партал пасьля жніўня 2020 году, расейскамоўныя. Але ён перакананы, што іхных школьных ведаў беларускай хопіць, каб прачытаць і зразумець публікацыі «Нашай нівы».
На пачатку сакавіка рэдакцыя «Нашай Нівы», якая таксама выдае дзіцячыя часопісы «Дуду» і «Асьцярожна: дзеці» і гістарычны «Наша гісторыя», атрымала паведамленьне ад «Белсаюздруку», што часопісы больш ня будуць распаўсюджвацца праз кіёскі прадпрыемства. Яны выходзілі з канца 2018 году. Раней такіх праблемаў не ўзьнікала.
«Гэта відавочна непалітычны кантэнт. Былі перашкоды, мы не адразу атрымалі ліцэнзію на выданьне. Але часопісы пачалі выходзіць, усё было нармальна. А цяпер дамову на распаўсюд разарвалі ў аднабаковым фармаце са спасылкай на тое, што продаж нерэнтабэльны. Пры гэтым ніякіх крытэраў няма. Вось яны так палічылі, і ўсё. У мінулую сераду да нас прыйшоў наклад з 5000 часопісаў, траціну зь іх мы павінны былі адправіць у „Белсаюздрук“. Адпаведна, трэба неяк іх прадаць», — кажа Марціновіч.
«Стараемся дэманстраваць, што мы не экстрэмісты і не тэрарысты»
Па словах Ягора Марціновіча, журналісты недзяржаўных СМІ ў 2020 годзе адыгралі вялікую ролю ў інфармаваньні грамадзтва аб сытуацыі ў дзяржаве ў цэлым, а ня толькі аб ходзе прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.
На яго думку, складана ацаніць, колькі жыцьцяў уратавалі журналісты, праўдзіва асьвятляючы сытуацыю з каранавірусам вясной мінулага году.
На думку галоўнага рэдактара «НН», цяжка таксама ацаніць унёсак недзяржаўных СМІ ў прыцягненьне ўвагі да падзей лета і восені мінулага году. Марціновіч кажа, што безь недзяржаўных СМІ Беларусь магла б нагадваць нейкую аўтарытарную азіяцкую краіну, дзе грамадзтва прымае правілы гульні ўлады і не спрабуе варушыцца. Адсюль і перасьлед журналістаў у Беларусі.
«Ідзе пласт за пластам зачыстка любой актыўнасьці, — кажа Марціновіч. — У нас ужо амаль не засталося палітыкаў, у нас перасаджалі блогераў, саджалі журналістаў „нелегальных СМІ“, цяпер саджаюць журналістаў легальных. Гэты працэс будзе ісьці да пэўнага пункту. Пасьля хтосьці зьверху вырашае, што ўсё, дастаткова. Іх загналі пад плінтус, ня трэба труціць да канца. І вось я ня ведаю, дзе будзе той пункт. Калі вырашаць, што ўжо паказалі, дзе ракі зімуюць, і можна пакінуць у спакоі».
Пры гэтым Марціновіч перакананы, што цалкам здушыць незалежную журналістыку ў Беларусі немагчыма. Нават калі перасаджаць усіх журналістаў, то нехта ўсё адно будзе ананімна пісаць у Telegram, на зарэгістраваныя за мяжой сайты, будуць існаваць замежныя рэдакцыі, якія працуюць з Польшчы ці Літвы.
«Што будзе з „Нашай нівай“ далей, калі нічога ня зьменіцца ў лепшы бок? Яна будзе разьвівацца, немагчыма стаяць на месцы, — перакананы галоўны рэдактар. — Мы ўсяляк дэманструем грамадзтву, што мы ня схільныя парушаць заканадаўства, мы сумленна працуем і робім тое, чаго ад нас патрабуе аўдыторыя. Я ня ведаю, ці чуюць улады гэты імпульс, пасыл ад нас. У нас няма ніякіх прамых перамоваў зь імі. Я нават ня ведаю, ці магчыма гэта тэарэтычна. Стараемся дэманстраваць, што мы не экстрэмісты, не тэрарысты, што прынцыпова гатовыя працаваць зь Беларусі».
Па словах Марціновіча, праца рэдакцыі «НН» менавіта зь Беларусі — прынцыповы момант. Нягледзячы на тое, што на тэрыторыі краіны журналістам выданьня пагражаюць затрыманьні і арышты. Ягор ня хоча, каб нехта ўспрымаў «Нашу ніву» як ворага. Пры гэтым Марціновіч прызнае, што такая «гульня» з уладамі хутчэй аднабаковая. Паўплываць на стаўленьне да сябе зь іх боку рэдакцыя «НН» ня можа.
«Нам пералічвалі агромністыя сумы»
Ягор Марціновіч кажа, што на дадатак да арыштаў журналістаў і канфіскацыі тэхнікі ўлады могуць выкарыстаць больш «прыгожыя» спосабы ціску на выданьне. У прыватнасьці, эканамічныя. Гэта ўжо адбываецца з друкаванымі дзіцячымі і гістарычным часопісам.
«Але галоўнае, што ў нас ёсьць, гэта салідарнасьць аўдыторыі, — кажа Марціновіч. — У жніўні і верасьні яна была агромністая. Людзі пералічвалі нам грошы і працягваюць пералічваць. Зразумела, ня ў той колькасьці, але тым ня менш. Гэта ўсё ідзе альбо праз АРIП, альбо непасрэдна на рахунак рэдакцыі. Мы нічога не хаваем, усё абсалютна легальна. Плацім падаткі. Цяпер сумы меншыя, чым у жніўні і верасьні. Але іх дастаткова, каб рэдакцыя існавала і ня мела ў нечым патрэбы. Падчас жнівеньскіх падзей нам пералічвалі вялізныя сумы».
Акрамя ахвяраваньняў, «НН» таксама зарабляе на рэкляме. Па словах Марціновіча, нават калі ўлады нейкім чынам будуць перашкаджаць рэклямадаўцам супрацоўнічаць з «Нашай нівай», то ўсё адно знойдуцца тыя, хто будзе прынцыпова разьмяшчаць рэкляму менавіта ў «НН». Галоўрэд кажа, што пагроза банкруцтва пакуль не актуальная. Калі яна зьявіцца, рэдакцыя будзе шукаць спосабы гэтага пазьбегнуць.
Цяпер «Наша ніва» паволі павялічвае колькасьць публікацый, даступных толькі па платнай падпісцы. У жніўні, пасьля блякаваньня сайту, яны амаль цалкам зьніклі — усе артыкулы аўтараў выданьня можна было чытаць бясплатна. Ягор Марціновіч кажа, што рэдакцыя пайшла на гэта ў тым ліку таму, што адчувала неабходнасьць як мага шырэй інфармаваць грамадзян аб падзеях.
«Калі кагосьці запалохалі, гэта яшчэ ня значыць, што ён зьмірыўся»
«Я прыемна зьдзіўлены тым, што адбывалася ў Беларусі мінулым летам і восеньню. Я чакаў такога вельмі даўно, — кажа Ягор Марціновіч. — Зьдзіўлены, што гэта ўсё адбылося канкрэтна цяпер. Чаму гэта адбылося, можна абмяркоўваць. Гэта ўнікальны зьбег фактараў. Калі б год таму нехта з палітолягаў ці філёзафаў пачаў абмяркоўваць, канструяваць такі плян, ён бы ня змог усяго гэтага нават прыдумаць. Сукупнасьць каранавірусу; таго, што выбары адбываліся ўлетку ў ідэальнае надвор’е; таго, што пасадзілі ўсіх кандыдатаў і ў аднаго зь іх аказалася жонка, якая ня ўдзельнічала ў палітыцы. Таго, што яна ня стала адмаўляцца ўдзельнічаць і пагадзілася на прапанову, што яна застаецца, а за яе ўсё будуць рабіць іншыя. Усё гэта дало такі фэнамэнальны эфэкт».
Марціновіч гаворыць, што крытычна ставіцца да меркаваньняў, паводле якіх беларусам цяпер патрэбны больш дакладны плян перамогі, чым у жніўні. Лічыць такія выказваньні анэкдатычнымі, бо летам 2020 году пляну не было зусім. А ўсё, што адбылося, стала вынікам неймавернага зьбегу акалічнасьцяў.
«У якасьці журналіста я ў тым ці іншым выглядзе прысутнічаў абсалютна на ўсіх нядзельных маршах з 16 жніўня да апошніх шэсьцяў у канцы лістапада, — кажа галоўрэд „НН“. — Гэтага запалу бадзёрасьці, веры ў народ, у перамогу народу і грамадзтва мне дастаткова, каб падтрымліваць аптымістычны настрой яшчэ на некалькі гадоў наперад. Я разумею, што калі кагосьці запалохалі, кагосьці пасадзілі, нехта страціў веру, то гэта яшчэ ня значыць, што людзі зьмірыліся. Гэта немагчыма. Калі ты аднойчы паказаў сотням тысячаў, мільёнам свабоду, яны гэта будуць трымаць у сабе. І ў нейкі момант выбухне так, што накрые з галавой усіх і ўсё».
Для гэтага, як кажа Ягор Марціновіч, зноў будзе неабходная сукупнасьць фактараў. І ён ня бачыць перашкодаў, каб гэтага не адбылося.
Даведка
-
Ягор Марціновіч нарадзіўся ў Менску ў 1988 годзе.
-
Скончыў ліцэй БДУ, у 2011‑м атрымаў дыплём пасьля вучобы на факультэце журналістыкі таго ж унівэрсытэту.
-
З 2009 году працуе ў «Нашай ніве» — гэта адзінае сталае месца працы ў ягонай журналісцкай кар’еры. Апошнія чатыры гады Марціновіч — галоўны рэдактар выданьня.
-
Жанаты, жонка Адар’я Гуштын — адна зь вядучых журналістак парталу Tut.by.