У «Нашай Ніве» змяняецца галоўны рэдактар
З 1 сакавіка Андрэй Скурко сыходзіць з пасады галоўнага рэдактара «Нашай Нівы». Выданне і сайт NN.BY узначаліць Ягор Марціновіч.
Ягор Марціновіч працуе ў «НН» з 2009 года. Ён аўтар расследаванняў, рэпартажаў і інтэрв’ю. Ягоныя матэрыялы былі адзначаныя шматлікімі нацыянальнымі і міжнароднымі прэміямі.
Вам цікава будзе ведаць, што Ягор Марціновіч — сын пісьменніка Алеся Марціновіча і намесніцы галоўнага рэдактара часопіса «Мастацтва» Таццяны Мушынскай, унук члена-карэспандэнта Акадэміі навук Беларусі Міхася Мушынскага. Ён скончыў Ліцэй БДУ і Інстытут журналістыкі БДУ.
Андрэй Скурко застанецца працаваць у «НН» на пасадзе намесніка галоўнага рэдактара. Скурко ўзначальваў «НН» з 2006 да 2017 года — па працягласці гэта рэкорд тэрміну на пасадзе. Для параўнання: Аляксандр Уласаў узначальваў выданне 8 гадоў, Сяргей Дубавец — 9 гадоў. Гэта былі 11 няпростых гадоў, з каласальнымі фізічнымі і псіхалагічнымі нагрузкамі. Гэтыя гады сталі таксама слаўнымі гадамі росту выдання ў інтэрнэце. Мы выкарысталі крызіс папяровай прэсы і цяжкасці як шанец для развіцця. «НН» замацавалася ў пазіцыі самага папулярнага партала на беларускай мове. На сёння «НН» мае 7 мільёнаў праглядаў у інтэрнэце штомесяц, займаючы 3—4 месца па гэтым паказчыку сярод усіх-усіх беларускаіх СМІ, беларускамоўных і расейскамоўных. «НН» даказала, што інтэрнэт-партал на беларускай мове можа быць паспяховы.
Калектыў «НН» моцна дзякуе Андрэю Скурко за ўсё, што ён зрабіў для выдання.
Нашаніўскія прынцыпы застануцца нязменныя. Але на пярэдні план у «НН» выходзіць чарговае, новае пакаленне са сваёй канцэпцыяй.