У Нароўлі міліцыя затрымлівала журналістаў
3-га красавіка ў Гомельскай вобласці міліцыя затрымлівала журналіста-фрылансера Алеся Залеўскага, а таксама відэааператара, кіроўцу і галоўнага героя рэпартажу – ліквідатара аварыі на ЧАЭС Івана Віткоўскага, які праз сваю працу стаў інвалідам. Пра гэта паведаміў сайт "Гомельская вясна".
Некалькі гадзін журналісты правялі ў Нараўлянскім РАУС, дзе давалі тлумачэнні наконт сваіх здымкаў. Ім заявілі, што яны незаконна здымаюць адміністрацыйныя будынкі на плошчы Леніна ў раённым цэнтры. Міліцыянтаў цікавіла таксама, якой скіраванасці будзе матэрыял пра ліквідатара, і яны ў РАУС агледзелі ўвесь адзняты матэрыял, пасля чаго адпусцілі журналістаў.
“Я разумею іх працу, бо законы такія, якія яны ёсць, – пракаментаваў сітуацыю Алесь Залеўскі журналістам сайта “Гомельская вясна”. – Але я, натуральна, супраць такой практыкі і такіх законаў”.
Іван Віткоўскі звярнуў увагу на тое, што незалежныя СМІ не раз рыхтавалі матэрыялы пра яго, у адрозненне ад дзяржаўнай прэсы.
“Вось ужо 30 гадоў мінула з аварыі, а да мяне ані разу не завітаў журналіст ні з раённай, ні з рэспубліканскай газеты ці тэлебачання, – заявіў Іван Віткоўскі. – Вось, нядаўна мне казалі, што карэспандэнт “Советской Белоруссии” прыязджаў у Нароўлю рабіць матэрыял пра ліквідатараў, але нібыта мяне не знайшоў. Каб хацеў, дык знайшоў бы. Сёння на плошчы была здымачная група тэлеканала “АНТ”. Я да іх падышоў, запытаўся, ці не затрымлівалі і іх, распавёў ім пра затрыманне іх калег. Яне не паверылі, што такое можа быць”.