У Мінску сайт «Медуза» назвалі «ўдарнай інфапрыладай NATO»
У Мінску папулярны рускамоўны сайт "Медуза" назвалі "ўдарнай інфармацыйнай прыладай NATO у сацмедыя". Такі слайд быў паказаны расійскім палітолагам Ігарам Панарыным на Міжнародным медыяфоруме, які праходзіць у беларускай сталіцы і арганізаваны Міністэрствам інфармацыі. Фота ў Telegram змясцілі "Адкрытыя медыя".
Панарын — выпускнік вайсковай вучэльні сувязі КДБ СССР, служыў у савецкай дзяржбяспецы. З’яўляецца не толькі палітолагам, але і псіхолагам, кандыдат псіхалагічных навук, дзейны член расійскай Акадэміі ваенных навук. 12 гадоў таму прапанаваў стварыць па мадэлі ЕС «Еўразійскую Русь».
«Медуза» — рускамоўнае інтэрнэт-выданне, якое зарэгістраванае ў Латвіі. Яно было створана Галінай Цімчанка. У 2014‑м яе звольнілі з пасады галоўнага рэдактара сайта Lenta.ru, разам з ёй сышла значная частка супрацоўнікаў рэдакцыі. Яны і пачалі чатыры гады таму рэалізоўваць новы праект. Летась «Медуза» заняла першае месца па цытаванасці сярод расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў.