У Мінску быў затрыманы, збіты і аштрафаваны блогер Віктар Нікіценка
У Мінску быў затрыманы праваахоўнымі органамі, збіты і аштрафаваны блогер Віктар Нікіценка.
Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, Нікіценка быў затрыманы 13 кастрычніка. У 13.30 блогер прыйшоў на плошчу Незалежнасці з двума сябрамі, якіх папрасіў сфатаграфаваць яго на фоне Дома ўрада з плакатам «Лукашэнку пад трыбунал». Такім чынам Нікіценка хацеў «данесці да людзей» сваё стаўленне да чарговага прэзідэнцкага тэрміну Аляксандра Лукашэнкі.
За дзеяннямі маладых людзей назіралі некалькі чалавек у цывільным. Адзін з іх пацікавіўся, што адбываецца, і папрасіў Нікіценку паказаць дакументы. У адказ блогер папрасіў незнаёмца назваць сябе і таксама паказаць дакументы, але той пайшоў, нічога не сказаўшы ў адказ.
Праз паўгадзіны Нікіценка з сябрамі вырашылі пакінуць плошчу. «На лесвіцы, якая вядзе ў падземны пераход, мяне схапілі за рукі і насільна пацягнулі ўніз. Вядома, я супраціўляўся і патрабаваў паказаць мне свае пасведчанні. Мяне цягнулі на другі бок, дзе ўжо чакаў белы аўтобус», — цытуе блогера праваабарончы сайт. Паводле слоў Нікіценкі, яго зневажалі, запалохвалі і білі. На сваёй старонцы ў «Фейсбуку» Нікіценка выклаў свой здымак, дзе бачныя сляды пабояў у раёне нырак.
У аддзяленні міліцыі Нікіценку пратрымалі амаль дзве гадзіны. У той жа дзень суд Маскоўскага раёна Мінска прызнаў яго вінаватым у правядзенні несанкцыянаванага пікета, а таксама ў непадпарадкаванні патрабаванням работнікаў міліцыі і знявазе суддзі. Блогера аштрафавалі на 20 і 30 базавых велічыняў адпаведна, што ў суме складае 9 млн. рублёў.
Супрацоўнікі Чыгуначнага аддзялення міліцыі адмовіліся прыняць у Нікіценкі заяву аб распачынанні крымінальнай справы ў сувязі з прымяненнем грубай фізічнай сілы, пагрозамі і знявагамі з боку праваахоўных органаў. Блогеру прапанавалі звярнуцца ў Генпракуратуру.
Віктар Нікіценка супрацоўнічае з маскоўскай рэдакцыяй «Радыё Свабода», радыёстанцыяй «Рэха Масквы», інтэрнэт-рэсурсам korrespondent.net.