«У міліцыі гаварылі, што згвалцяць мяне». Як журналіст раёнкі і аўтар славутага стрыму пасьля перасьледу трапіў у Нью-Ёрк
Памятаеце відэа з Ганцавічаў 20 чэрвеня 2020 года, калі міліцыя жорстка б’е і затрымлівае людзей з невялікага «ланцуга салідарнасці»? Тады моцна пацярпелі і яго аўтары, журналісты выдання «Ганцавіцкі час» Аляксандар Пазняк і Сяргей Багроў, а ўся краіна абуралася жорсткасью міліцыі.
Аляксандр Пазняк цяпер ажно ў Нью-Ёрку, ён распавёў "Радыё Свабода", як за кароткі час змянілася ягонае жыццё.
«Са скандалам выгналі з раённай газэты «Голас Сенненшчыны»
Аляксандар закончыў гістарычны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Пасьля вучобы ўладкаваўся на працу ў раённую газэту «Голас Сенненшчыны». І «вылецеў» адтуль са скандалам у 2004 годзе.
«Я быў рэдактарам раённага праваднога радыё. І выступіў на ім зь перадачай, сутнасьць якой была — годзе стаяць на каленях. Расказаў жыхарам раёну пра Кастуся Каліноўскага, Тадэвуша Касьцюшку, іншых беларускіх герояў. Паплаціўся за гэта працай», — кажа Аляксандар.
Пасьля звальненьня ён ня мог знайсьці працу, але шукаў ня толькі яе, але і сэнс жыцьця і Бога. Цяпер Аляксандар эвангельскі хрысьціянін. Вучыўся ў Кішынэве на місіянэра і культуроляга. Хацеў быць на місіі ў краінах Цэнтральнай Азіі, таму шмат падарожнічаў. Быў у Кіргізстане, Якуціі, Дагестане, Чачэніі і Татарстане.
Потым апынуўся ў Лібане — там працаваў зь дзецьмі сырыйскіх уцекачоў. «Гэта было ў 2014 годзе. Тады ў Лібане было каля мільёна ўцекачоў з Сырыі. Мы ладзілі летнікі для дзяцей, займаліся зь імі, гулялі, бавілі разам час», — апавядае ён.
«Гасьцяваў у сябра ў Ганцавічах, убачыў вакансію ў рэдакцыі і вырашыў там працаваць»
Аляксандар з 2016 году выправіўся працаваць у Маскву. Там уладкаваўся на працу барыстам — варыў каву. У студзені 2020 году ён прыехаў з Масквы чарговы раз пагасьціць да сябра ў Ганцавічы.
«Звычайна, калі я бываў там, то купляў недзяржаўную газэту „Ганцавіцкі час“. Мне яна падабалася, бо там пісалі пра рэальны стан рэчаў, гісторыі пра людзей, іх праблемы. У студзені 2020 году я заўважыў абвестку, што ў газэту шукаюць карэспандэнта. Я пайшоў проста да галоўнага рэдактара Пятра Гузаеўскага. Мы пагутарылі, я зрабіў тэставае заданьне. Ён вырашыў прыняць мяне на працу. Я паехаў у Маскву, каб звольніцца, скончыць справы, сабраць рэчы. Мяне сябры не разумелі. Як так? Зьмяніць Маскву на Ганцавічы? Але я прыехаў у райцэнтар і не пашкадаваў аб гэтым кроку», — кажа Аляксандар.
Галоўны рэдактар «Ганцавіцкага часу» дапамог яму з жытлом.
«Ранкам пасьля пераезду з Масквы ў Ганцавічы я прачнуўся ад сьпеву пеўня, і першае было такое ўражаньне: „Куды я трапіў? Што я тут раблю?“. Але пасьля прызвычаіўся. Праца мне вельмі падабалася. Ганцавічы, Палесьсе — своеасаблівы рэгіён Беларусі. Ён адрозьніваецца ад роднай Віцебшчыны. Мне здаецца, на Палесьсі людзі больш працавітыя, таленавітыя, любяць сваю зямлю. Але і для Віцебшчыны, і для Берасьцейшчыны ёсьць адна агульная праблема: мы ня маем свабоды, гэты прыгнёт адчуваецца ва ўсім, людзі ня маюць волі, каб цалкам выкарыстаць свой патэнцыял. Я любіў езьдзіць па вёсках, апісваць у матэрыялах лёс людзей, іх захапленьні», — кажа Аляксандар.
«За стрым білі кулакамі ў твар, нагамі ў жывот, хапалі за валасы»
Летам 2020-га «Ганцавіцкі час» асьвятляў падзеі ў рэгіёне — пікеты для збору подпісаў, «ланцугі салідарнасьці». Рэдакцыя вырашыла праводзіць жывыя трансьляцыі. Адзін стрым «прагрымеў» на ўсю краіну. Людзі выйшлі на акцыю, а мясцовыя міліцыянты пачалі іх груба затрымліваць. Аляксандр з калегам Сяргеем Багровым трапілі ў ізалятар.
«Але яшчэ да ізалятара мяне білі. Проста на вуліцы, як і іншых людзей. Каля дваццаці чалавек пабілі. Білі моцна, кулакамі ў твар, нагамі ў жывот, падымалі за валасы — і білі ў твар. У мяне быў стан афэкту. Яны крычалі на нас, абражалі. Папраўдзе, такога абыходжаньня мы не чакалі. Тым больш у невялікіх Ганцавічах, дзе ўсе ведаюць адзін аднаго. Да гэтага ў нас былі нармальныя стасункі зь міліцыяй. Яны прасілі разьмясьціць абвесткі ў газэце. Напрыклад, што прапаў чалавек. Бо нас чыталі значна больш, чым дзяржаўную раёнку, і міліцыя гэта разумела. Што сказаць? Проста за апошнія гады міліцыянты „здрабнелі“. Туды бяруць бяз конкурсу, без адукацыі. Таму і такая жорсткасьць ад іх, нават у Ганцавічах», — разважае цяперашні эмігрант.
Пасьля пабіцьця
Сьляды на целе пасьля збіцьця ў міліцыі
Пасьля інцыдэнту стасункі мясцовых журналістаў зь міліцыяй пагоршыліся. «Нас сталі часта выклікаць у міліцыю, пагражаць, ціснуць. Мне, у прыватнасьці, гаварылі, што згвалцяць мяне, скінуць з трэцяга паверху. Набліжаліся выбары, ім трэба было, каб „Ганцавіцкі час“ змоўк», — кажа Аляксандр.
Тым ня менш рэдакцыя асьвятляла выбары цалкам. На акцыях пасьля выбараў людзей было няшмат. Але на нядзельны марш 16 жніўня, па словах былога карэспандэнта раёнкі, выйшла каля 200 чалавек.
«Грынкарту выйграў, яшчэ калі жыў у Маскве, але хацеў застацца ў Беларусі»
Аляксандар у 2019 годзе падаваўся на грынкарту, калі жыў у Маскве, і выйграў яе ў 2020 годзе, калі ўжо быў у Беларусі. Але на той момант ня думаў карыстацца магчымасьцю зьехаць за акіян. Вырашыў застацца ў Беларусі.
«Бо люблю яе, праца падабалася; каб падзеі разьвіваліся інакш, я б застаўся ў Ганцавічах», — кажа Аляксандар. Але пасьля студзеня 2021 году «ўсё пачало нарастаць, як сьнежны камяк». У рэдакцыі і дома ў журналістаў прайшлі ператрусы. За паўгода іх было пятнаццаць. Забіралі тэхніку, фотаапараты, пагражалі. Пазьней, увосень 2021 году, пачаліся праблемы з друкаваньнем газэты.
«Мы ня мелі ілюзій і разумелі, што закрыць нас — пытаньне часу. Бо тады ўжо па ўсёй краіне закрывалі недзяржаўныя выданьні, забаранялі друкаваць газэты. Цяпер „Ганцавіцкі час“ ня мае магчымасьці друкавацца на паперы. Пакуль яшчэ трымаецца сайт», — кажа Аляксандр.
Кіраўніцтва выданьня разумела стан рэчаў, таму прасілі журналістаў падумаць загадзя, дзе яны змогуць працаваць. Аляксандар вырашыў скарыстацца грынкартай, пачаў зьбіраць дакумэнты для яе. Грынкарту трэба было актываваць да 30 верасьня 2021 году. Аляксандар зрабіў гэта за два дні да сканчэньня тэрміну — 28 верасьня. У кастрычніку ён звольніўся з «Ганцавіцкага часу» і 26-га вылецеў рэйсам Масква — Нью-Ёрк.
«Зянон Пазьняк жартам назваў мяне сваім родзічам»
У Нью-Ёрку Аляксандра падтрымаў сябар, знайшоў яму пакой. Цяпер ён працуе на будоўлі разам з украінцамі, давучвае ангельскую мову. Дома ў Беларусі ў Аляксандра засталіся маці і бабуля.
«Маці прызвычаілася, што я часта ежджу па сьвеце. Для яе мой ад’езд у Нью-Ёрк быў выклікам. Але яна сказала: „Калі дасі рады, то едзь“. Мне тут не самотна. Дакладней, пакуль за гэтыя некалькі месяцаў не пасьпеў адчуць самоты. Хаджу на курсы ангельскай. Калі хачу паразмаўляць на роднай мове, хаджу ў беларускую аўтакефальную царкву сьвятога Кірылы Тураўскага. Там заўсёды ёсьць кола беларусаў, ладзяцца вечарыны, імпрэзы. Пачаў хадзіць ва ўкраінскую эвангельскую царкву — там службы на ангельскай і ўкраінскай», — расказвае ён.
У беларускай аўтакефальнай царкве ён пазнаёміўся зь Зянонам Пазьняком.
«Ён пра мяне пажартаваў, што я ягоны родзіч. Ён трымае людзей трохі на адлегласьці, ён больш такога аскетычнага складу. Але гэта чалавек, які гаворыць заўсёды прама, чалавек вялікай думкі і глыбіні, ён дае грунтоўны аналіз падзей у Беларусі і сьвеце», — дзеліцца Аляксандра уражаньнямі ад знаёмства з Пазьняком.
Цяпер Аляксандар мяркуе, што хутка ў Беларусі улада наўрад ці зьменіцца:
«Там пакуль улада цемры. Пасыянарныя, моцныя духам людзі трапілі ў турмы ці зьехалі. У людзей стомленасьць. Тыя, хто засталіся, ведаюць, што цяпер нельга „высоўвацца“, бо арыштуюць. Усе ўмовы для таго, каб не было ніякіх зьменаў у краіне».