У «Медыяпрасторы» адбылася дыскусія пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі
У Гомелі на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора” адбылася прэзентацыя кнігі “Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму”. Сустрэча перарасла ў дыскусію пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, прысутныя згадвалі “аршанскія і гомельскія Курапаты”.
Сустрэча ў Гомелі ладзілася напярэдадні трагічнай даты — “чорнай ночы”, калі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ў сутарэннях той самай «амерыканкі» былі расстраляныя больш за 100 прадстаўнікоў інтэлектуальнай эліты БССР: беларускія паэты, пісьменнікі, навукоўцы, дзеячы культуры.
Рэдактарка і ўкладальніца кнігі “Дзённікі супрацоўніка НКУС: дакументальнае выкрыццё сталінізму”, сябра ГА “БАЖ” Настасся Зелянкова распавяла прысутным грамадскім актывістам і журналістам, што кніга заснаваная на рукапісах былога супрацоўніка НКУС Іосіфа Ятчэні. Ён быў чэкістам, а пасля і сам патрапіў у “ворагі народа” — сядзеў ва ўнутранай турме НКУС у Мінску, у так званай “амерыканцы”, і падрабязна апісаў метады катаванняў людзей. Гэтыя рукапісы перадаў Зелянковай унук Ятчэні, а спраўджваць напісанае журналістцы давялося ў архівах КДБ.
Прэзентацыя кнігі перарасла ў дыскусію пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі, учыненыя бальшавікамі з прыходам да ўлады. Пік масавых рэпрэсій прыпаў на 30‑я гады ХХ стагоддзя, скончыліся яны толькі пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе. У Беларусі сімвалам трагедыі сталінскіх ахвяр стала ўрочышча Курапаты пад Мінскам.
З Настассяй Зелянковай у Гомель прыехаў і нашчадак рэпрэсаваных, грамадскі актывіст Ігар Станкевіч. Ажно дваццаць яго сваякоў зведалі сталінскі тэрор, восем з іх былі расстраляныя ў Воршы. Даследуючы сямейныя трагедыі, Ігар Станкевіч спрычыніўся да стварэння мемарыялу ў ваколіцы Кабылякаў — “аршанскіх Курапатаў”. Дакументы на рэпрасаваных і высланых сваякоў ён знаходзіў у архівах спецслужбаў Свярдлоўскай вобласці Расіі.
З уласнага досведу Станкевіч ведае, што звесткі пра рэпрасаваных сваякоў можна атрымаць у Нацыянальным архіве, інфармацыйным цэнтры МУС, у цэнтральным і абласных архівах КДБ, калі людзі былі асуджаныя “тройкамі”да расстрэлу ці турэмнага зняволення — хто за антысавецкую агітацыю, хто па абвінавачанні ў шпіёнскай дзейнасці альбо за стварэнне ці ўдзел у самых неверагодных антыбальшавіцкіх арганізацыях.
Дакладная колькасць рэпрэсаваных у Беларусі мірных жыхароў дагэтуль невядомая. Станкевіч спаслаўся на інфармацыю першага намесніка старшыні КДБ Ігара Сяргеенкі, які два гады таму падчас круглага стала агучыў такія лічбы: у 20–50-ыя гады мінулага стагоддзя ў БССР былі рэпрэсаваныя 235,5 тысяч чалавек, рэабілітаваны 176 тысяч. Даследчыкі ж мяркуюць, што пад рэпрэсіі патрапілі як мінімум шэсцьсот тысяч чалавек. Расстрэльныя месцы ёсць пры кожным вялікім горадзе.
Каардынатар сустрэчы, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова нагадала, што месцы расстрэлаў сталінскімі НКУСаўцамі ёсць і пад Гомелем: паабапал 9‑га кіламетра Чарнігаўскай шашы, а таксама ў мікрараёне Лешчанец непадалёку ад цяперашняй вуліцы Сасновай. Высілкамі актыўных грамадзян на месцах расстрэлаў мірных жыхароў усталяваныя памятныя крыжы. На восеньскія Дзяды гэтыя мясціны рэгулярна наведваюць грамадскія актывісты Гомеля, журналісты распавядаюць пра зладжаныя мерапрыемствы ўшанавання памяці рэпрэсаваных. Аднак праз закрытасць архіваў КДБ ахвярныя мясціны дасканала не даследаваныя. Суседняя Украіна, да прыкладу, адкрыла архівы КДБ і матэрыялы сталінскіх рэпрэсій. Беларусь — не. І тут ёсць дзе прыкласці намаганні і грамадскасці, і журналістам.
Завострана гучала тэма асуджэння сталінізму і каяння ўладаў за ўчыненыя дзяржаўнымі стуктурамі зверствы над сотнямі тысяч мірных жыхароў. Зазначалася, што замест гэтага адбываецца частковая рэабілітацыя злачыннага бальшавіцкага рэжыму — праз аднаўленне міфічнай “лініі Сталіна”, праз сцвярджэнні некаторых ідэолагаў пра Сталіна як эфектыўнага менеджара. Без адпаведнага грамадскага асуджэння палітычнага тэрору ёсць вялікая рызыка зноўку патрапіць пад чарговыя рэпрэсіі.