У Магілёве зноў затрымлівалі журналіста Уладзіміра Лапцэвіча
У Магілёве 24 жніўня міліцыя затрымала журналіста Уладзіміра Лапцэвіча. Інцыдэнт адбыўся, калі журналіст праводзіў здымкі адзіночнага пікета на плошчы каля будынка Магілёўскага аблвыканкама.
Па словах Лапцэвіча, адзіночны пікет праводзіў Аляксандр Папкоў. Каля 11.00 ён выставіў стэнд з лозунгамі, прымацаваўшы да яго на флагштоках два сцягі — бел-чырвона-белы і чырвона-зялёны, у руках пікетовец трымаў транспарант з заклікам да старшыні аблвыканкама Леаніда Зайца “Я к вам”.
Літаральна праз некалькі хвілін Папкова затрымалі праваахоўнікі. Заадно затрымалі і журналіста, які здымаў пікет на камеру мабільнага тэлефона. Затрыманых даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва.
“У Ленінскім РАУСе ніхто не парупіўся падчас афармлення дакументаў аб затрыманні азнаёміць і растлумачыць права адміністрацыйна затрыманых, як гэта прапісана ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях. Толькі пасля маіх неаднаразовых патрабаванняў пазнаёміць з гэтымі правамі нам, абодвум затрыманым, прынеслі адпаведныя дакументы. На іх падставе я пачаў патрабаваць размовы са сваім абаронцам.
Праз нейкі час у мяне сур’ёзна падвысіўся артэрыяльны ціск, была выклікана хуткая дапамога, і нас з затрыманым пікетоўцам раздзялілі. Ён застаўся на трэцім паверсе, а мяне прывялі на першы. Там у хуткім часе я раптоўна з затрыманага пераўтварыўся ў сведку, і ў такім статусе мяне апыталі і адпусцілі. Відэа пікета, якое я зняў, прымусілі выдаліць, пагражаючы адабраць тэлефон і далучыць яго да матэрыялаў справы аб незаконным пікетаванні», — распавёў Уладзімір Лапцэвіч карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Уладзімір Лапцэвіч — вядомы магілёўскі журналіст, які зараз супрацоўнічае з інфармацыйным парталам “Магілёўскі рэгіён”. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 5 жніўня,быў затрыманы нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналіста 12 суткамі арышту. Увесь час знаходжання ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама журналіст трымаў галадоўку.