У Магілёве журналістам забаранілі карыстацца дыктафонамі на працэсе «чорных рыэлтараў»
Журналістам забаранілі рабіць аўдыёзапіс на судовым працэсе ў Магілёўскім абласным судзе па гэтак званай справе «чорных рыэлтараў», якіх вінавацяць у шасьці забойствах.
Прававыя падставы такога рашэньня журналістам не патлумачылі. Паводле карэспандэнта інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Уладзімера Лапцэвіча, супрацоўнік Дэпартамэнту аховы прапусьціў журналістаў у судовую залю пасьля таго, як яны здалі свой рэпартэрскі рыштунак у камэру захоўваньня.
«Ахоўнік на ўваходзе сказаў здаць аўдыё, відэа, фотаапаратуру, а таксама мабільныя тэлефоны. На тлумачэньні, што аўдыёзапіс патрэбен для больш дакладнага асьвятленьня працэсу, ён спаслаўся на загад судзьдзі Рыгора Качалава, які разглядае справу. Ахоўнік паспрабаваў перапытаць у судзьдзі, ці насамрэч журналістам забаронена мець на працэсе прылады працы, але той праігнараваў пытаньне», — паведаміў Уладзімер Лапцэвіч.
Па сканчэньні судовага пасяджэньня карэспандэнт БелаПАНа зрабіў запіс у кнізе заўваг і прапаноў пра парушэньне правоў журналістаў судзьдзём Качалавым. Уладзімер Лапцэвіч спаслаўся на шэраг законаў і рэкамэндацыяў, якія дазваляюць журналісту выкарыстоўваць аўдыёзапіс на судовым працэсе.
«На працэсе мы можам толькі пісаць, але гэта ўскладняе працу журналіста. Працэс няпросты. Калі рэпартэр нешта недачуе, то можа паведаміць скажоную інфармацыю. Спраўдзіць яе дакладнасьць у яго папросту ня будзе ў каго», — заўважае карэспандэнт незалежнага СМІ.
Працэс у справе «чорных рыэлтараў» пачаўся два месяцы таму. Пра гэта журналісты даведаліся выпадкова, бо адкрытыя крыніцы пра яго не паведамлялі.