У Магілёве затрымалі рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва
Галоўнага рэдактара інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Змітра Салаўёва затрымалі сёння каля 11:30 ва ўласнай кватэры. Пра сваё затрыманне ён паспеў паведаміць журналістам партала.
Па звестках журналістаў 6tv.by, Салаўёва даставілі ў Ленінскі РАУС Магілёва, дзе пратрымалі да вечара. Верагоднай прычынай затрымання з’яўляецца абвінавачанне ва ўдзеле ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП). Зміцер прысутнічаў на некалькіх акцыях пратэсту ў Магілёве ў якасці журналіста.
У 19:30 стала вядома, што Змітра накіравалі ў ізалятар часовага ўтрымання Магілёўскага аблвыканкама. Пра гэта жонцы журналіста, Надзеі Салаўёвай, паведаміў магілёўскі грамадскі актывіст Леанід Платоненка.
Платоненка таксама быў затрыманы сёння раніцай і да вечара знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Магілёва. Там ён пабачыў Салаўёва, які паведаміў, што яго накіроўваюць у ІЧУ.
Нагадаем, што Змітра Салаўёва ўжо затрымлівалі 8 жніўня, напярэдані прэзідэнцкіх выбараў. 11 жніўня наўпрост у памяшканні ізалятара суд у закрытым рэжыме пакараў журналіста 8 суткамі арышту нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Увесь тэрмін зняволення Салаўёў трымаў галадоўку.