У Магілёве бажаўцы вучыліся працаваць з відэа
Магілёўскія бажаўцы 29 лютага паўдзельнічалі ў трэнінгу “Стварэнне відэасюжэту”. Журналісты з розных рэгіёнаў Магілёўскай вобласці вучыліся таму, як можна змантаваць і захаваць якасны відэасюжэт на смартфоне.
Трэнінг быў задуманы як навучанне для людзей з мінімальным досведам працы на смартфоне. У якасці трэнера магілёўцы запрасілі да сябе ў госці вядомага фота- і відэажурналіста, кіраўніка Барысаўскай суполкі ГА “БАЖ” Аляксандра Зянкова.
Справа ў тым, што два з паловай гады таму Зянкоў ужо праводзіў у Магілёве трэнінг “Асновы відэа- і фотаздымкі”. Пасля папярэдняга мерапрыемства ў яго ўдзельнікаў засталіся вельмі добрыя ўражанні. Трэнінг быў разлічаны на людзей, якія толькі пачынаюць сваю працу са смартфонам, і Аляксандр Зянкоў здолеў данесці інфармацыю так, што яе змаглі зразумець нават “чайнікі”.
На пачатку сустрэчы трэнер коратка нагадаў змест папярэдніх заняткаў, пасля магілёўцы пачалі разбірацца з тым, як рабіць мантаж відэа. Па просьбе Аляксандра, удзельнікі трэнінгу папярэдне выканалі дамашняе заданне: кожны зняў відэа на сваім смартфоне. Ужо на месцы бажаўцы вучыліся мантаваць з дапамогай праграмы Kine Master, каб зрабіць відэа больш прыдатным для прагляду.
Аляксандр Зянкоў у простай форме дапамог кожнаму ўдзельніку трэнінгу зразумець асаблівасці працы з гэтай праграмай. Удзельнікі сустрэчы здолелі змантаваць невялікія відэасюжэты, навучыліся захоўваць іх на сваіх прыладах.
Больш прасунутых удзельнікаў сустрэчы, па іх просьбе, Аляксандр пазнаёміў з лепшымі праграмамі для мантажу відэа на камп’ютары.
Магілёўцы дамовіліся, што заўсёды змогуць звярнуцца да трэнера за кансультацыяй у выпадку неабходнасці. Па агульным меркаванні ўдзельнікаў, трэнінг атрымаўся вельмі цікавым і змястоўным. Акрамя ўсяго іншага, мерапрыемства паспрыяла далейшаму ўмацаванню сяброўскіх стасункаў паміж Магілёўскай і Барысаўскай суполкамі журналісцкай арганізацыі.
Трэнінг быў арганізаваны Магілёўскай суполкай ГА “БАЖ” пры падтрымцы рэдакцыі сайта “Магілёўскі рэгіён”.