У Магілёве бажаўцы абралі дэлегатаў з’езду і пераабралі кіраўніцтва мясцовай суполкі
У Магілёве 20 сакавіка прайшоў сход сябраў мясцовай суполкі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Бажаўцы вызначыліся з дэлегатамі на XI з’езд ГА “БАЖ” і пераабралі кіраўніцтва мясцовай арганізацыі.
Сход быў справаздачна-выбарчым, таму на яго пачатку старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч распавёў пра дзейнасць ў арганізацыі, якая праводзілася ў апошнія тры гады. Нягледзечы на няпростыя абставіны, суполка здолела захававаць сваю працаздольнасць і сяброўскі дух. Чальцы журналісцкай арганізацыі заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу калегам, аказаць ім сяброўскую падтрымку.
Шэраг магілёўскіх журналістаў зведалі на сабе ціск з боку ўладаў і праваахоўных органаў — некаторыя з іх не адзін раз пабывалі на сутках за сваю прафесійную дзейнасць, атрымалі шалёныя грашовыя штрафы. Нягледзечы на гэта, журналісты працягваюць сваю працу на карысць грамадства.
Пасля выступу Вырвіча адбылася шырокая дыскусія, падчас якой сябры суполкі выказвалі свае меркаванні аб працы арганізацыі за мінулыя тры гады, а таксама казалі пра тое, што яшчэ неабходна зрабіць, каб палепшыць супольную дзейнасць. Па выніках дыскусіі магілёўскія бажаўцы аднагалосна прагаласавалі за тое, каб прызнаць працу кіраўніцтва суполкі здавальняючай.
Таксама было пераабрана кіраўніцтва суполкі на новы тэрмін. Прагучаў шэраг розных прапаноў, аднак пасля абмеркавання і галасавання, магілёўцы вырашылі, што лідарам суполкі застанецца Барыс Вырвіч. Яго намеснікам быў абраны журналіст Зміцер Салаўёў.
Удзел у працы сходу магілёўскіх бажаўцаў прыняў старшыня ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. У сваім выступе ён распавёў мясцовым журналістам пра тыя праблемы, з якімі сутыкнулася зараз арганізацыя, выказаў свой погляд на магчымасць іх пераадолення ў бліжэйшы час. Бастунец падкрэсліў, што зараз адной з галоўных задач з’яўляецца правядзенне з’езду ГА “БАЖ”, і распавёў прысутным пра працэдуру вылучэння дэлегатаў.
Сябры суполкі вылучылі і абралі дэлегатаў на справаздачна-выбарчы XI з’езд ГА “БАЖ”, які адбудзецца ў Мінску 16 красавіка 2021 года. Магілёўскую суполку будуць прадстаўляць тры дэлегаты.
Пасля сканчэння сходу бажаўцы Магілёўшчыны і мясцовыя грамадскія актывісты правялі сумеснае святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да чарговай гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай народнай рэспублікі.