• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Магілёве БАЖаўцы абмеркавалі пытанні прававой бяспекі журналістаў і правялі выніковы сход

    Пасля некалькіх месяцаў перапынку сябры ГА “БАЖ” Магілёўшчыны арганізавалі доўгачаканую сустрэчу і сабраліся ў афлайн-рэжыме.

    Два дзясяткі журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў вобласці сабраліся 24 снежня ў Магілёве, каб абмеркаваць пытанні прававой бяспекі супрацоўнікаў медыя і правесці выніковы сход магілёўскай суполкі ГА “БАЖ”.

    У сувязі з пандэміяй Covid-19 удзельнікі сустрэчы захоўвалі ўсе неабходныя меры асабістай бяспекі. Нягледзячы на абмежаванні, бажаўцы былі вельмі радыя сустрэцца асабіста, падзяліцца ўласнымі дасягненнямі і праблемамі ды проста паразмаўляць са старымі сябрамі.

    На пачатку сустрэчы асноўная ўвага была нададзеная праблемам асабістай бяспекі і прававой абароны журналістаў, бо гэтыя пытанні востра хвалююць магілёўскіх бажаўцаў і грамадскіх актывістаў.

    Для прыкладу, сёлета толькі карэспандэнты сайта “Магілёўскі рэгіён” былі пакараныя 83 суткамі адміністрацыйнага арышту па разнастайных надуманых падставах. На сутках “сядзелі” і мясцовыя журналісты, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”, Радыё “Свабода”, фрылансеры і інш. Таксама журналісты Магілёўшчыны атрымалі мноства штрафаў, як па ч. 2 арт. 22.9, так і па іншых артыкулах КаАП.

    Таму тэма прававой бяспекі была як ніколі актуальная, яна выклікала вялікую ўвагу і шматлікія пытанні з боку ўдзельнікаў сустрэчы. Сябра ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч засяродзіў увагу прысутных на тым, з якімі праблемамі зараз сутыкаюцца журналісты і блогеры, і даў канкрэтныя парады, як лепш сябе паводзіць у той ці іншай сітуацыі, што рабіць, каб не патрапіць пад пераслед паводле крымінальных артыкулаў. Выступ калегі дапоўніў праваабаронца Барыс Бухель, а пасля яны правялі індывідуальныя кансультацыі ўсім зацікаўленым у дапамозе.

    Лапцэвічу давялося адказваць на шматлікія пытанні, тлумачыць, якім чынам можна атрымаць неабходную прававую дапамогу. Журналістам, якія працуюць “у полі”, было рэкамендавана загадзя заключыць дамовы з адвакатамі.

    У другой частцы сустрэчы бажаўцы зладзілі агульны сход суполкі: падвялі  вынікі працы ў 2020 годзе і абмеркавалі планы агульнай дзейнасці на 2021 год.

    Пра парадак дня суполкі, дасягнутае і надзённыя праблемы расказаў яе лідар Барыс Вырвіч. Ён заклікаў калег выказваць сваю салідарнасць з журналістамі, якія патрапілі пад каток палітычных рэпрэсій — падтрымліваць іх маральна, дасылаць лісты і паштоўкі. Гэта тым больш актуальна, бо зараз за кратамі ў Жодзіна знаходзіцца сябра ГА “БАЖ” з Магілёва, журналістка Дар’я Чульцова.

    Таксама Вырвіч праінфармаваў прысутных пра рашэнне Рады ГА “БАЖ” правесці справаздачна-выбарчы з’езд арганізацыі ў красавіку 2021 года. БАЖаўцы Магілёўшчыны папярэдне дамовіліся, што правядуць сход па вылучэнні дэлегатаў на з’езд у лютым.

    Сваім бачаннем далейшага развіцця арганізацыі ў выступах падзяліліся галоўныя рэдактары “Магілёўскага рэгіёна” Зміцер Салаўёў і горацкай газеты “УзГорак” Галіна Будная, журналісты Валерый Каранкевіч, Алесь Саблеўскі, эканаміст Пётр Мігурскі і іншыя. Таксама ўдзельнікі сходу заслухалі выступ маладой магілёўскай журналісткі Веранікі Драбышэўскай, абмеркавалі планы супольнай дзейнасці на бліжэйшы час.

    Пасля сканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства і невялікага перапынку, удзельнікі сустрэчы зноў сабраліся, каб адзначыць надыходзячыя Каляды і Новы год за кубкам гарбаты.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці