У Магілёўскай вобласці пакаралі жанчыну з інваліднасцю за рэпост фільма пра Лукашэнку ў 2019 годзе
Суд Слаўгарадскага раёна 15 ліпеня пакараў грамадскую актывістку са Слаўгарада Анжаліку Калатазішвілі штрафам у памеры 10 базавых велічынь за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Супрацоўнікі Слаўгарадскага РАУС 19 чэрвеня склалі на Анжаліку Калатазішвілі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Падставай для пратакола стала тое, што 25 кастрычніка 2019 года жанчына размясціла ў сваёй стужцы ў «Одноклассниках» фільм NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы».
Рэпост быў зроблены ў кастрычніку 2019 года, а экстрэмісцкім фільм NEXTA быў прызнаны толькі ў снежні 2019 года.
Жанчыну абвінавацілі ў парушэнні ч. 2 арт. 17.1 КаАП Рэспублікі Беларусь (Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а роўна выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства).
Першае судовае пасяджэнне па справе Анжалікі Калатазішвілі адбылося яшчэ 30 чэрвеня, потым суд зрабіў перапынак да 8 ліпеня, каб актывістка змагла азнаёміцца з матэрыяламі справы.
8 ліпеня ў судзе былі заслуханыя паказанні Анжалікі і супрацоўнікаў Слаўгарадскага РАУС Манькова і Дзянісава.
На жаль, суд не прыняў да ўвагі сведчанні Калатазішвілі, што яна не дзялілася публікацыяй на сваю старонку (і, тым больш, не распаўсюджвала яе), а лайк пад ёй ставіла, яшчэ калі відэа не было ўключана ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Актывістка выказала неразуменне сітуацыі: як яе могуць судзіць, калі закон не мае зваротнай сілы? Відэа было апублікавана да таго, як яго забаранілі ў Беларусі. Пра існаванне «экстрэмісцкага» спісу яна даведалася ад участковага, калі ён прыйшоў праводзіць апытанне.
Далейшы разгляд справы быў перанесены на 15 ліпеня. Сама актывістка сёння не змагла прысутнічаць на судовым пасяджэнні, бо ў Слаўгарадзе ішоў дождж, і ёй было цяжка дабірацца ў суд. Пра пастанову суда Калатазішвілі паведамілі па тэлефоне.
Нягледзячы на дрэнны стан здароўя актывісткі і яе інваліднасць, суддзя Аляксандр Курылін прыняў рашэнне пакараць яе штрафам у памеры 10 базавых велічынь (270 рублёў).
Анжаліка Калатазішвілі — вядомая слаўгарадская актывістка. У 2014 годзе яна атрымала інваліднасць, як яна мяркуе, праз памылку лекараў, якія, паводле яе слоў, доўгі час не маглі правільна дыягнаставаць захворванне і выдалілі ёй здаровыя органы. Пасля гэтага жанчына неаднаразова звярталася ў праваахоўныя органы і розныя інстанцыі з патрабаваннямі прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Па словах магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, Анжаліка Калатазішвілі збіраецца абскардзіць рашэнне суда Слаўгарадскага раёна ў Магілёўскім абласным судзе.