У Львове адкрыўся Беларускі інфармацыйны цэнтар
У Львове пачаў працаваць Беларускі інфармацыйны цэнтар. Яго мэта — інфармаваць украінцаў пра сытуацыю ў Беларусі. Гэтае грамадзкае аб’яднаньне створана беларусамі, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму празь перасьлед рэжыму Лукашэнкі.
Аліна Рудзіна жыве ў Львове больш за год. Празь перасьлед і вялікую колькасьць арыштаваных актывістаў і журналістаў яна была вымушаная пакінуць Беларусь. Калі пачалася вайна ва Украіне, Аліна Рудзіна вырашыла застацца тут.
«На жаль, цяпер Беларусь стала краінай-агрэсарам. Мы хочам сказаць украінцам, што ёсьць Беларусь, якая змагаецца за сваю свабоду. Я засталася ва Ўкраіне. Частка беларусаў зьехала, частка пераехала з Кіева ў Львоў.
Я бачу сваю працу ў тым, каб расказваць украінцам, што адбываецца ў Беларусі, чым беларусы могуць быць карыснымі ўкраінцам. Так атрымалася, што ўкраінцы мала ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Наша краіна захопленая гэтак жа, як і акупаваная частка Ўкраіны», — сказала кіраўніца Беларускага інфармацыйнага цэнтра ва Ўкраіне Аліна Рудзіна.
Беларусы, якія вымушаныя былі пакінуць радзіму, стварылі інфармацыйны цэнтар і гарачую лінію. Яны не хочуць, каб украінцы зь нянавісьцю ставіліся да ўсіх беларусаў. Бо беларусы, якія жывуць ва Украіне, валянтэры, дапамагаюць уцекачам, эвакуююць дзяцей зь небясьпечных рэгіёнаў.
«Мы знаходзім грошы, каб дапамагчы ўкраінцам, нягледзячы на тое, што нашы карткі заблякаваныя. СБУ ўдзяляе нам пільную ўвагу, але мы з разуменьнем ставімся. У Беларусі ёсьць людзі, якія ваююць з акупантам, ваююць у інфармацыйным полі, паказваюць на рух расейскай тэхнікі і салдат. У Беларусі працягваюцца «рэйкавыя войны», калі людзі зьнішчаюць чыгуначныя шляхі, каб не дапусьціць руху расейскай тэхнікі. На сёньняшні дзень за вядзеньне «рэйкавых войнаў» арыштавана больш за 50 беларусаў, кажа Аліна Рудзіна.
У беларусаў іншая псыхалёгія?
Група беларускіх сілавікоў, якая далучылася да апазыцыі на фоне пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе, разладзіла працу некалькіх адгалінаваньняў Беларускай чыгункі. Праз гэта Расея забараніла перамяшчэньне расейскіх вайсковых эшалёнаў у Беларусі ў начны час. Многія беларускія кіроўцы адмаўляюцца працаваць.
Беларусы, якія жывуць ва Украіне, якія зьяўляюцца палітычнымі ўцекачамі, тлумачаць, што за 27 гадоў Аляксандар Лукашэнка выбудаваў сыстэму, зь якой грамадзянам цяжка змагацца.
«Часта ўкраінцы не разумеюць, чаму беларусы не такія актыўныя, не выходзяць на Майдан, як яны. Гэта важна разумець. Украіна не адразу выйшла на Майдан у 2014 годзе. Быў Майдан у 2003–2004 гадах. Трэба разумець, што Беларусь у параўнаньні з Украінай знаходзіцца дзесьці ў пратэставым вымярэньні на этапе 2003 году. А ў беларусаў іншая псыхалёгія. Гэта законапаслухмяныя людзі, яны робяць тое, што ім загадваюць. Я ня ведаю, калі мы дарасьцем да ўкраінскага Майдану 2014 году», — сказаў Сяргей Бульба, заснавальнік «Белага легіёну», кіраўнік грамадзкай арганізацыі «Беларусь 2.0. Працуем разам».
Сяргей Бульба разумее цяперашняе стаўленьне ўкраінцаў да беларусаў. Бо Лукашэнка аддаў тэрыторыю Беларусі для расейскай агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, прэзыдэнт Расеі патрабуе ад беларускай арміі ўдзелу ва ўварваньні ва Ўкраіну.
Па словах Сяргея Бульбы, сёньня многія былыя сілавікі Беларусі спрабуюць пакінуць краіну разам зь семʼямі, каб не быць мабілізаванымі і не ваяваць супраць Украіны.
Больш за тысячу беларусаў, якія былі вымушаныя бегчы ў Польшчу ад перасьледу рэжыму Лукашэнкі, гатовыя ваяваць ва Ўзброеных сілах Украіны супраць Расеі.
«У Варшаве беларусы чакаюць і гатовыя ехаць ва Ўкраіну. Як толькі ўкраінскія ўлады дазволяць, людзі прыйдуць. Мы просім, каб Украіна зрабіла для нас на заканадаўчым узроўні, каб беларусы адразу падпісвалі кантракты і служылі ва Ўзброеных сілах. У цяперашні час Украіна не сьпяшаецца дазваляць беларусам ваяваць. Мы спадзяемся, што гэты працэс будзе запушчаны і тысячы людзей прыедуць служыць ва Ўкраіну. Мы разумеем, што будучыня Беларусі вырашаецца ва Ўкраіне. Беларусы разумеюць, што гэта таксама наша вайна з Расеяй», — сказаў Сяргей Бульба.
Беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага ўвайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а вайскоўцы прынялі прысягу 25 сакавіка.
Зараз Беларускі крызісны цэнтар у Львове працуе з украінскімі ўцекачамі, шукаючы і перавозячы гуманітарную дапамогу. Беларуская дыяспара дапамагае ўкраінскім уцекачам у Польшчы.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5‑й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх земляў, і заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю ды «ісьці дадому».
- Раней, 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- У першы дзень вайны расейцы захапілі востраў Зьмяіны, дзе захапілі ў палон 13 украінскіх памежнікаў. Затым іх абмянялі на расейскіх палонных.
- Усе дні вайны ідуць абстрэлы ўкраінскіх гарадоў ракетамі, налятае авіяцыя. Расея за больш чым месяц актыўных баявых дзеяньняў здолела часткова ўзяць пад кантроль толькі Херсон, Мелітопаль, Энэргадар і атачыць Марыюпаль, апошні амаль цалкам зьнішчаны, у горадзе выкрадаюць журналістаў. На Чарнобыльскай АЭС, захопленай расейцамі, толькі праз 600 гадзін працы дазволілі правесьці ратацыю пэрсаналу, а 31 сакавіка расейцы пачалі адыходзіць з Чарнобылю.
- 10 лютага пачаліся беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы, якія скончыліся тым, што расейскія войскі засталіся на тэрыторыі Беларусі, насуперак ранейшым абяцаньням Масквы, і атакавалі Ўкраіну з поўначы, выкарыстоўваючы беларускія лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, апазыцыя лічыць тэрыторыю Беларусі акупаванай і заклікае да супраціву расейскім захопнікам.
- Расейцы, як кажуць украінскі бок і краіны Захаду, шматкроць заніжаюць сваю статыстыку ахвяр, паведамляюць пра 1351 загінулага, пры тым што ў ЗША кажуць пра больш чым 10 тысяч загінулых, а Ўкраіна пра звыш 18 тысяч забітых захопнікаў.
- Нелегітымны кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 27 лютага прызнаў, што з тэрыторыі краіны запускалі ракеты па тэрыторыі Ўкраіны. У гэты ж дзень у тэлефоннай размове з Уладзімірам Зяленскім Лукашэнка паабяцаў, што атак зь беларускай тэрыторыі ня будзе, аднак пасьля яе зь Беларусі зноў ляцелі ракеты ва Ўкраіну.
- 27 лютага ва Ўкраіне стварылі Інтэрнацыянальны легіён Тэрытарыяльнай абароны, далучацца да якога заклікалі замежных добраахвотнікаў. Туды ўвайшлі і беларусы, у прыватнасьці «Белы Легіён». Па стане на 31 сакавіка трое беларусаў загінулі, гэта добраахвотнікі, адзін з пазыўным Літвін, другі Зьміцер Апанасовіч, а таксама Тур, які служыў ва Ўзброеных сілах Украіны.
- 20 сакавіка ва Ўкраіне забаранілі 11 прарасейскіх палітычных рухаў і партый.
- 30 сакавіка ААН зацьвердзіла склад незалежнай камісіі, якая зоймецца расьсьледаваньнем расейскіх ваенных злачынстваў ва Ўкраіне. У яе ўвайшлі людзі, якія працавалі ў разборы канфліктаў у Руандзе і Босьніі і Герцэгавіне.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў. Расейцы выкарыстоўваюць забароненую зброю, у тым ліку касэтныя бомбы супраць мірнага насельніцтва.
- Колькасьць уцекачоў з Украіны перавысіла 4 млн чалавек. Паводле ўпаўнаважанай у правах чалавека Вярхоўнай рады Ўкраіны Людмілы Дзянісавай, каля 400 тысяч украінцаў гвалтам вывезьлі ў Расею падчас вайны. У прыватнасьці, такія выпадкі фіксаваліся ў аточаным Марыюпалі.
- У адказ на падтрымку вайны патрыярхам РПЦ Кірылам украінскія прыходы Маскоўскага патрыярхату пачалі масава пераходзіць у аўтакефальную Праваслаўную царкву Ўкраіны.
- 1 красавіка Літва стала першай краінай Эўразьвязу, якая цалкам адмовілася ад расейскага газу. Прыкладу пасьледавалі Латвія і Эстонія.
- 2 красавіка, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах, пошук загіблых працягваецца.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.