У кватэры супрацоўніцы «Народнай Волі» адбыўся вобшук. Забралі ноутбук, флэшкі, плакат
Сёння ў Мінску ў кватэры супрацоўніцы "Народнай Волі" Анастасіі Шаркевіч адбыўся вобшук. Саму Анастасію некалькі гадзін пратрымалі ў РУУСе.
Раніцай міліцыя прыйшла дадому да менеджара па рэкламе «Народнай Волі» Анастасіі Шаркевіч. У яе дома быў вобшук, забралі ноутбук, флэшкі і плакат пра любоў на экспертызу.
Анастасію адвезлі на допыт у РУУС Фрунзенскага раёна Мінска. Праз некалькі гадзін яе адпусцілі. Анастасія расказала, што да яе прыйшлі ў 6.30 раніцы з вобшукам па крымінальнай справе.
«Я сказала, што адкрываць не буду, бо міліцыя цяпер не прадстаўляецца, хапае на вуліцах людзей, збівае. Што адбываецца, якая крымінальная справа? Я ўвогуле сядзела дома і нікуды не хадзіла», — эмацыйна распавяла жанчына пасля выхаду з РУУСа.
Анастасія не ведае дакладна ў межах якой крымінальнай справы да яе прыходзілі. Але меркавана гэта — справа аб масавых беспарадках
«Быццам бы я заклікала блакіраваць дарогі, пісала заклікі да гэтага», — кажа Анастасія.
Пасля размовы ў РУУСе ёй сказалі, што можа ісці дадому.
Да прыходу ў «Народную Волю» пасля прэзідэнцкіх выбараў Анастасія Шаркевіч працавала ў Белтэлерадыёкампаніі, на СТВ і тэлеканале «Мір»
Гэты плакат супрацоўнікі міліцыі таксама забралі.