У Клімавічах напярэдадні выбараў журналіста пасадзілі на самаізаляцыю
Незалежнаму журналісту з Клімавіч Сяргею Аржанцаву 6 жніўня патэлефанавалі з раённай бальніцы. Супрацоўнік медустановы паведаміў, што Аржанцаў нібыта кантактаваў з хворым на каранавірусную інфекцыю і таму яго пасадзяць на самаізаляцыю.
“6 жніўня мне патэлефанавалі з Клімавіцкай раённай бальніцы. Медыцынскі работнік назваў сваё прозвішча і пасаду, а пасля спытаў, ці з’яўляюся я кантактам першага ўзроўню? Паводле яго слоў, да іх паступіла інфармацыя, што я кантактаваў з хворым на каранавірус. У размове высветлілася, што да мяне дадому прыедуць для афармлення мяне на самаізаляцыю.
Зразумела, перш за ўсё я стаў пытацца, з якім хворым я кантактаваў. Але адказаць на такое простае пытанне мне не змаглі і паабяцалі гэта ўдакладніць. Сказалі, што ператэлефануюць пазней.
Праз пару гадзін у дзверы пагрукалі. На парозе стаялі лекар, медсястра і міліцыянт. Мы прыехалі аформіць вас на самаізаляцыю, патлумачылі яны. На якой падставе? Вось спіс кантактаў першага ўзроўню, у спісе вашае прозвішча. Падрабязнасці можна даведацца ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дадзеныя складаюцца там. Там жа можна ўдакладніць, з кім вы кантактавалі, калі трапілі ў такі спіс”, — распавёў Сяргей Аржанцаў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
Паводле слоў журналіста, у перыяд распаўсюду COVID-19 ён імкнецца прытрымлівацца ўсіх санітарных норм, абмяжоўвае кантакты з незнаёмымі людзьмі. Таму вельмі сумняецца, што мог дзесьці кантактаваць з хворым на каранавірусную інфекцыю. Аржанцаў намераны звярнуцца ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, каб удакладніць, на якой падставе яго ўключылі ў спіс кантактаў першага ўзроўню і накіравалі на 14-дзённую самаізаляцыю.
Сам Аржанцаў мяркуе, што гэта было зроблена адмыслова, каб абмежаваць яго ўдзел у асвятленні выбарчай кампаніі ў Клімавічах.
Сябра ГА “БАЖ” з Клімавіч Сяргей Аржанцаў раней працаваў мясцовым карэспандэнтам крычаўскай незалежнай газетай “Вольны горад”, выдаваў уласную маланакладную газету “Клімавіцкая інфа-панарама”. Зараз супрацоўнічае з абласным інтэрнэт-парталам “Магілёўскі рэгіён”.
Нагадаем, 5 жніўня ў Магілёве былі затрыманыя журналісты “Магілёўскага рэгіёна” Аляксандар Буракоў (старэйшы) і Уладзімір Лапцэвіч. Суды над імі пройдуць сёння.