У Кіргізстане напалі на карэспандэнта Радыё Свабода
На апэратара кіргіскай службы Радыё Свабода Айбэка Кулчуманава напалі невядомыя, калі журналіст здымаў сюжэт каля дома былога намесьніка кіраўніка Мытнай службы Раімбэка Матраімава.
Паводле журналіста, ён здымаў прылеглую да дома тэрыторыю, каб праверыць гіпотэзу расьсьледнікаў пра тое, што Матраімаў захапіў пры будаўніцтве частку тэрыторыі дзіцячага адукацыйнага цэнтру і дарогу, якая вядзе да будынка. Сам Раім Матраімаў або яго блізкія гэтую гісторыю пакуль ніяк не камэнтуюць.
Інцыдэнт адбыўся 28 верасьня ў Ошы. Як расказаў карэспандэнт Ідрыс Ісакаў, апэратар рабіў дадатковыя кадры для расьсьледаваньня пра Матраімава і запускаў дрон.
У гэты момант да Кулчуманава падышлі ззаду некалькі маладых людзей спартовага целаскладу. Паводле журналіста, яго ўдарылі, адабралі ў яго камэру і іншую апаратуру смартфон, штатыў, пульт кіраваньня ад дрона са сваёй нагі, а таксама дакумэнты і ключы ад аўтамабіля. Акрамя таго, застаецца невядомым месцазнаходжаньне дрона, які застаўся без кіраваньня.
Агульны кошт выкрадзенай тэхнікі рэдакцыя ацэньвае на больш за 1,5 мільёна сомаў (больш за 22,5 тысячы даляраў).
Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе асудзіла напад на Кулчуманава як «недапушчальнае запалохваньне» і заклікала ўлады Кіргізстану расьсьледаваць справу.
Прэс-сакратар прэм’ер-міністра Кіргізстану Адылет Султаналіеў заявіў, што ва ўрадзе «занепакоеныя» інцыдэнтам з журналістам, але на дадзены момант лічаць канфлікт пабытовым.
Пры мэдычным абсьледаваньні апэратара ў яго знайшлі траўму сьпіны.
На падставе заявы Кулчуманава міліцыя Ошу адкрыла справу паводле артыкулу «абрабаваньне ў асабліва буйным памеры». Паводле дадзеных праваахоўнікаў, другі бок, які адабраў тэхніку, таксама зьвярнуўся з заявай. Пазьней на старонцы Ўправы ўнутраных справаў Ошу ў фэйсбуку была апублікаваная інфармацыя, жыхар Ошу зьвярнуўся ў міліцыю з заявай, што ў двары дома яму на галаву зваліўся дрон, ад чаго ён атрымаў траўмы.
Міліцыя афіцыйна не раскрывае імёнаў тых, хто нападаў на журналіста. Але, паводле зьвестак Радыё Свабода, адзін зь іх — блізкі сваяк Матраімава.
Раімбек Матраімаў раней некалькі разоў быў героем расьсьледаваньняў журналістаў Радыё Свабода. Паводле дадзеных аднаго зь іх, былы намесьнік кіраўніка мытні Кіргізстану (ён займаў гэтую пасаду ад лістапада 2015 да лістапада 2017 году) разам са сваякамі вывеў з краіны 700 мільёнаў даляраў.