• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Кіеве прыпынілі суд па справе Паўла Шарамета: фігуранты на вайне, прысяжныя з’ехалі за мяжу

    Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева спыніў разгляд справы аб забойстве журналіста Паўла Шарамета. Двое з фігурантаў пайшлі ваяваць, а склад суда істотна змяніўся.

    У справе аб забойстве Паўла Шарамета фігуравалі Андрэй Антоненка, Юлія Кузьменка і Яна Дугар. Зараз суд не вядзецца ў сувязі з вайсковай службай Антоненкі і Дугар. Пра гэта  папрасіла абарона абвінавачаных, паведаміў Укрінформ адвакат Антоненкі Дзмітрый Кругавы.

    «Яна і Андрэй праходзяць ваенную службу, прыцягваюцца да выканання задач непасрэдна ў раёне баявых дзеянняў, і ў сувязі з тым, што не заўсёды маюць магчымасць прысутнічаць на судовых пасяджэннях, было заяўлена хадайніцтва спыніць судовы працэс», — сказаў у каментары Кругавы.

    Адвакат таксама паведаміў, што ў 2022 годзе працяглы час суд, які раней разглядаў гэтую справу, не мог працаваць — таксама праз прычыны, звязаныя з вайной.

    «Частка прысяжных з’ехала за мяжу. Адзін з прысяжных быў мабілізаваны. І ў сувязі з тым, што склад суда быў зменены, мы пачалі разглядаць справу з самага пачатку. А цяпер ужо 2024 год, а мы яшчэ не дайшлі да стадыі [вядзення справы], нават не пачыналася», — сказаў адвакат.

    Пацярпелы бок — маці і дачка Шарамета і рэдактарка-заснавальніца «Украінскай праўды» Алёна Прытула — падтрымалі прыпыненне судовага працэсу. Іх адвакат служыць ва ўкраінскім войску, таму яны прасілі прыпыніць суд да канца вайны, піша «Украінская праўда».

    Суд цягнецца больш за тры гады

    Беларускі журналіст, а затым адзін з кіраўнікоў «Украінскай праўды» Павел Шарамет загінуў у Кіеве ад выбуху аўтамабіля 8 гадоў таму — 20 ліпеня 2016 года.

    12 снежня 2019 года Нацыянальная паліцыя затрымала трох фігурантаў справы: доктарку Юлію Кузьменка, музыканта і ветэрана АТА Андрэя Антоненка і вайсковую медсястру Яну Дугар. Пазней ім выставілі абвінавачанне. 

    22 мая 2020 года следства па справе меркаваных выканаўцаў забойства было завершана. У жніўні 2020 суд прызначыў справу да разгляду.

    Судовыя пасяджэнні па справе Шарамета не праводзіліся з 21 лютага 2022 года. Склад суда быў зменены ў верасні 2023 года. У чэрвені 2023 года стала вядома, што суд, які цягнецца амаль тры гады, пачнецца спачатку ў сувязі са зменай складу прысяжных.

    Усе падазраваныя адмаўляюць сваё дачыненне да злачынства і лічаць пераслед палітычным. Верагодныя заказчыкі забойства названыя не былі. Расследаванне ў дачыненні да іх выдзелена ў іншую справу і працягваецца.

    Чытайце яшчэ:

    Барысаўскага фатографа Аляксандра Зянкова прызналі палітзняволеным

    Генпракуратура завяла шэсць крымінальных спраў супраць супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Дубаўца

    Дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы сцвярджае, што гатовы праект пастановы аб стварэнні адзінай медыякампаніі. Што з ёй не так?

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці