• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «У камэры кураць бясконца». Журналіст-палітвязень Грузьдзіловіч параўнаў магілёўскую турму і «Валадарку»

    У зьняволеньні журналіст Алег Грузьдзіловіч ужо 3,5 месяца. У канцы сакавіка яго зь менскага СІЗА на вуліцы Валадарскага перавялі ў магілёўскую турму № 4.

    3 сакавіка палітвязьня Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

    Малюнак Алега Грузьдзіловіча з турмы: партрэт жонкі Мар'яны

    У апошніх лістах сваёй жонцы Мар’яне палітвязень параўнаў умовы дзьвюх турэмных установаў і апісаў сваё штодзённае жыцьцё ў чаканьні пераводу ў калёнію. Мар’яна здолела прыезьці ў Магілёўскую турму дзьве перадачы.

    Пра ўмовы ў камэры

    «Я ўжо ў новай камэры пераначаваў першую ноч. Коратка пра ўмовы: камэра значна большая. Нас тут удвая больш, але і месца нашмат больш. Ёсьць тэлевізар, хлопцы яго ўвесь час глядзяць, не засумуеш. Вокны з жалюзі, як трэба. Паветра дастаткова, хоць хлопцы і кураць. Хлопцы ўсе нармальныя. Знаю іх па імёнах ужо, ёсьць цікавыя з розных гарадоў. Як і я, ці чакаюць апэляцыі, ці ўжо пасьля яе чакаюць адпраўкі ў калёнію.

    Хадзілі сёньня на прагулку раніцай. Пляцоўка большая (у іншых лістах Алег Грузьдзіловіч пісаў, што памер дворыка прыкладна 7×5 мэтраў), чым самая вялікая на Валадарцы. Нармальна! Хлопцы па чарзе дзяжураць. Калісьці і мая будзе чарга, але пакуль я навічок, усё вывучаю, прыглядаюся. Па вечарах зьбіраюць пошту, як і на „Валадарцы“, акрамя пятніцы і суботы…

    Ліст Алега Гразьдзіловіча з турмы, красавік 2022

    Буду па-ранейшаму шмат чытаць, але тут крыху горш з гэтым. Сьвятла менш і тлум стаіць, таму яшчэ трэба прызвычаіцца. Вось зараз па НТВ ідзе „Багира“ (ты ведаеш пра гэты сэрыял), хлопцы глядзяць, разявіўшы раты, камэнтуюць, як Сьветлакаў у „Нашай Рашы“, часам сьмешна. Учора па СТВ ішло „Слабае зьвяно“ — я ўжо і забыў, што ёсьць такая перадача. Гэта такое калектыўнае разгадваньне крыжаванкі з камэнтарамі хлопцаў. Зноў было сьмешна! Але мяне дык як вяртае ў былое жыцьцё… Сёньня ўвечары атрымаў першы ўрок туркмэнскай мовы — сустрэў былога студэнта, тварам падобны на тваіх навучэнцаў. Ужо ведаю першыя тры словы, вельмі важныя: men seni söýýäri — „я цябе кахаю“».

    Жонка Мар'яна і ўнукі Алега Грузьдзіловіча дасылаюць яму вітаньне з дому

    «Крыху эўфарыя першых 2 дзён спадае. Учора атрымалася кароткая прагулка. Хлопцы самі не захацелі гуляць даўжэй за 30 хвілін, маўляў, дворык невялікі. Сонца, можна гуляць, а яны: „Хадзем дамоў“. Для мяне гэта дзіва. А сёньня ўвогуле не пайшлі. Маўляў, ідзе дождж. Хаця насамрэч крыху дажджыла. Адношу гэта на тое, што ёсьць тэлевізар, дык можна абы-чым заняць мазгі. Ды яшчэ і кураць бясконца».

    Пра ежу

    «Табе, можа, цікава, а чым жа мы паелі? Суп тыпу расольнік, але нічога, наварысты, на другое ячная каша зь мясам і кісель. Адметна, што яшчэ гадзіну таму хлопцы на ўсіх рабілі бутэрброды (хлеб+каўбаска+сыр) з тых агульных прадуктаў, якія атрымалі зь перадачы. То бок малайцы, дружненька жывём».

    Аб прыбіральні

    «З „туалетнай“ тэмай нават лепш чым на „Валадарцы“, дзе быў унітаз, шырма. Тут таксама кабінка, але каменная, таксама шырма-шторка.

    Але самае галоўнае, памер камэры такі (плюс яшчэ пастаянна ўключаны тэлевізар), што нічога ня чуецца і не адчуваецца».

    Алег Грузьдзіловіч, малюнак у лісьце з турмы

    Пра турэмную штодзённасьць

    «Раніцай я працягваю абцірацца халоднай вадой, рабіць зарадку, ну можа не зарадку, а такую разьмінку, бо на адным месцы доўга не прастаіш. Тут такі броўнаўскі рух: адзін сюды ідзе, другі ставіць кіпяціць ваду, трэці ўжо забірае кіпень, нехта курыць, хтосьці ходзіць туды-сюды, некаму ты замінаеш глядзець „яшчык“. Адыходзіць, а ззаду нехта прабіраецца да палічак з прадуктамі…

    Дарэчы, калі ты ўключыш а 6:00 БТ‑2, ці потым у 7:00 паўтараюць, ты можаш уявіць настрой, які перажываюць хлопцы. Кліпы зь „дзяўчонкамі“ — любімае відовішча вязьняў, а тут жа ў асноўным да 40 гадоў».

     

    У камэры кураць усе, апрача Грузьдзіловіча

    «Ва ўсёй камэры я адзін, хто ня курыць, на жаль. Але мне здаецца, што паветра тут усё ж чысьцейшае, чым на „Валадарцы“, дзе тых, хто ня курыць, была палова. Бо там дым разыходзіўся збольшга па ўсёй камэры, выцяжка ішла ў калідор і толькі адтуль дым ішоў у фортку. А тут вэнтыляцыя самастойная, ды яшчэ і фортка… Некаторыя хлопцы кураць пачак на дзень, некаторыя палову. Ёсьць адзін хлопец, які да турмы ўвогуле не курыў. Навошта ж пачаў? Адказвае: „А што тут яшчэ рабіць?“… Зьдзіўляюся, наперадзе гады няволі, а яны здароўя ня цэняць. Толькі адзін рэгулярна займаецца практыкаваньнямі. Іншыя паядуць — адразу кураць, падымуцца — адразу кураць, выйдуць у дворык на прагулку — адразу кураць! Шкада іх, маладыя — дурныя».

    Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

    • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
    • Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
    • Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020‑м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
    • За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці