У каго сыходзяцца думкі?
На старонках сайту БАЖ аб гэтым пісалася неаднаразова, а плагіят у беларускіх медыях жыве і нават квітнее. І гэта дзіўна, бо, здаецца, усе ўжо навучыліся, як карыстацца не толькі Кнігай заўваг і прапановаў, але і беларускім заканадаўствам ўвогуле. Калегі, якія стала працуюць у СМІ, пацвердзяць: шматлікая аўдыторыя чытачоў і слухачоў даволі рэдка пагражае журналістам фізічнай расправай, а вось судом — амаль штодзённа.
З іншага боку, у журналісцкім асяродку давер да праваахоўных і судовых інстытуцыяў вельмі нізкі. Таму спрэчныя пытанні мы неяк прызвычаіліся ці ўвогуле не вырашаць, ці вырашаць шляхам «тэлефоннага права» — гэта калі тэлефануеш знаёмаму рэдактару знаёмай газеты (ці радыё, ці сайту), каб звярнуць увагу на неэтычныя паводзіны аўтараў. А потым чакаеш на рэакцыю тых самых аўтараў. Часам чаканне сканчаецца дзіркай ад абаранка. І кожны застаецца пры сваіх інтарэсах.
Можа, таму ў журналісцкім асяродку ўжо прызвычаіліся да некаторых інтэрнет-рэсурсаў, якія забыліся на прафесійную этыку і на закон аб аўтарскім праве? Бо пісаць лісты рэдактарам і сварыцца з калегамі, што лёгка «партызаняць» інфармацыю, выглядае змаганнем з ветранымі млынамі.
А цікава, хто спрабаваў дзейнічаць інакш? Па закону? Таму, які існуе шмат гадоў, але да якога мы, журналісты, так і не прызвычаіліся — закону «Аб аўтарскім праве і іншых сумежных правах».
Падчас абмеркавання новага закона «Аб СМІ» неаднаразова даводзілася чуць пытанне: якім чынам будуць адказваць за плагіят шматлікія інфармацыйнфя інтэрнет-рэсурсы? Чыноўкі слушна адказвалі: «Закон аб аўтарскім праве дзейнічае, карыстайцеся!» Але ж не карыстаемся.
(Выява з сайту r‑52.ru)
Вось вам свежы прыклад, знойдзены ў беларускім сегменце Жывога Журнала: журналіст найстарэйшай у Беларусі газеты «Наша Ніва» падазрае іншага журналіста вядомай газеты «Комсомольская правда в Белоруссии» у плагіяце. Ці быў там насамрэч плагіят, ці папросту думкі сышліся ў двух вядомых і досыць прафесійных журналістаў, судзіць не бяруся. Здзівіла іншае — а менавіта выраз «я думаю, што зрабіць наступным разам — проста разьбіць я..о ці ўсё ж пагутарыць?» Нібыта іншага варыянту вырашэння канфліктнай сітуацыі папросту не існуе… Добра, калі «нашанівец» вырашыць «пагутарыць», а калі іншае?
І яшчэ адна заўвага напрыканцы: і той, і другі журналіст — сябры БАЖ. Сябры, які калісьці пагадзіліся прытрымлівацца норм прафесійнай этыкі. Недзе ў нетрах арганізацыі нават існуе Камісія па этыцы, што павінна разглядаць, у тым ліку, і такія спрэчкі…
(P.S.: Праз дзень пасля з’яўлення гэтай публікацыі на сайце БАЖ спасылка на згаданы пост у ЖЖ перастала працаваць)