У Іране журналістцы Наргіз Мохаммадзі могуць падоўжыць 35-гадовы тэрмін зняволення. Пачалася міжнародная кампанія ў яе абарону
8 чэрвеня 2024 года адбылося судовае слуханне па новай справе супраць лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі міру — іранскай журналісткі, пісьменніцы і праваабаронцы Наргіз Мохаммадзі. Гэта можа павялічыць тэрмін яе зняволення. Free Narges Coalition пачала міжнародную кампанію ў абарону журналісткі.
Чатыры арганізацыі, якія займаюцца правамі чалавека і свабодай прэсы, аб’ядналіся для новай міжнароднай кампаніі. Гэта арганізацыі PEN America, «Рэпарцёры без межаў» (RSF), Front Line Defenders і Фонд Наргіз. Яны патрабуюць неадкладнага вызвалення Наргіз Мохаммадзі, паведамляе сайт RSF.
Міжнародныя арганізацыі кажуць, што сітуацыя са здароўем Мохаммадзі вельмі сур’ёзная. Нягледзячы на аперацыю на сэрцы год таму, яе неаднаразова пазбаўлялі медыцынскай дапамогі падчас зняволення з‑за таго, што жанчына адмаўлялася насіць хіджаб.
«Free Narges Coalition заклікае ўрад Ірана паважаць свае міжнародныя абавязацельствы, уключаючы правы на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і аб’яднанняў, а таксама на прадастаўленне неабходнай медыцынскай дапамогі асобам, зняволеным за журналісцкую і праваабарончую дзейнасць. Мы таксама заклікаем сусветных лідараў і праваабарончыя арганізацыі далучыцца да нас у гэтым тэрміновым закліку да справядлівасці», — гаворыцца ў заяве.
Кааліцыя заклікае прадстаўнікоў грамадскасці падтрымаць гэтую кампанію з дапамогай хэштэга #FreeNarges.
«Вызваленне ўсіх людзей, якія зазнаюць уціск у Іране, і медыцынская дапамога маюць вырашальнае значэнне не толькі для іх уласнага здароўя, але і як сімвал глабальнай адданасці правам і годнасці чалавека», — дадалі ў арганізацыі.
Наргіз Мохаммадзі — іранская журналістка і праваабаронца, віцэ-прэзідэнтка Цэнтра абаронцаў правоў чалавека (DHRC). Яна шмат гадоў выступае супраць абавязковага нашэння хіджабу і абмежаванняў правоў жанчын у Іране.
Іранскі рэжым арыштоўваў яе 13 разоў. Наргіз асудзілі агулам на 35 гадоў зняволення і 154 удараў бізуном.
У 2023 годзе Наргіз Мохаммадзі атрымала Нобелеўскую прэмію міру за барацьбу супраць прыгнёту жанчын у Іране і прасоўванне правоў чалавека і свабоды для ўсіх. Гэта рашэнне звязана з масавай кампаніяй «Жанчына. Жыццё. Свабода», якая пачалася ў Іране пасля смерці актывісткі Махсы Аміні летась. Мохаммадзі падтрымала пратэсты з турмы. Масавыя акцыі жорстка падаўлялі ўлады.
У лістападзе 2023 года стала вядома, што Наргіз Мохаммадзі абвясціла галадоўку ў турме.
У студзені 2024 года іранскі суд дадаў ёй яшчэ 15 месяцаў зняволення за нібыта прапаганду супраць Ісламскай Рэспублікі.