• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках

    На хвалі рэпрэсій супраць незалежных мэдыя ў Беларусі пачала расьці аўдыторыя прапагандысцкіх паблікаў і дзяржаўных СМІ. Радыё Свабода разьбіраецца, як гэта адбываецца.

    Тры гады палітычнага крызісу адбіліся на беларускіх мэдыя: пасьля прызнаньня ўсіх уплывовых незалежных СМІ экстрэмісцкімі іхным чытачам і гледачам у Беларусі пагражае рэальны тэрмін зьняволеньня. Гэта прывяло да адпісак у сацыяльных сетках і зьніжэньня праглядаў старонак. Аўдыторыя беларускай дзяржаўнай прапаганды пры гэтым вырасла. Спрабуем аналізаваць, з чым зьвязаны такі рост.

    Instagram: «Падазроныя» падпісчыкі

    Рост падпісчыкаў

    У Insta­gram аўдыторыя дзяржаўных мэдыя вырасла больш за іншыя сацыяльныя сеткі.

    • Напрыклад, акаўнт дзяржаўнай раёнкі «Весьнік Магілёва» за год вырас на траціну.

    • Аўдыторыя афіцыйнага каналу Лукашэнкі ў Insta­gram за год вайны ва Ўкраіне павялічылася амаль на 4 тысячы чалавек (да 16 100 падпісчыкаў).

    • Найбольш вырасла аўдыторыя барысаўскай дзяржаўнай газэты «Адзінства» — амаль на 50% да 9677 падпісчыкаў.

    • На 20% за год вырасла аўдыторыя акаўнту газэты «Навіны Палесся» — да 22,9 тысяч падпісчыкаў, ці амаль на 4 тысячы чалавек. Гэты акаўнт раённай газэты мае большую аўдыторыю, чым афіцыйны акаўнт Лукашэнкі «Пул першага» ў Insta­gram.

    • Да 24,5 тысячы падпісчыкаў вырас акаўнт «Аршанскай газэты», рост склаў 19,9%.

    • На 14% вырасла колькасьць падпісчыкаў «Астравецкай праўды», зараз у Insta­gram гэтую дзяржаўную газэту «чытаюць» 7,7 тысяч падпісантаў. Агулам у Астравецкім раёне ў 2019 годзе афіцыйна жыло каля 28 тысяч чалавек.

    Аналіз аўдыторыі

    Мы прааналізавалі аўдыторыю згаданых паблікаў праз сэрвіс trendhero.io, які дазваляе бачыць якасьць аўдыторыі і зрабіць высновы аб паводзінах падпісчыкаў.

    Паводле дадзеных гэтага рэсурса, магілёўская раёнка «Веснік Магілёва» мае 11,4 тысячы падпісчыкаў. Згодна з аналізам, 41,9% аўдыторыі старонкі выглядае «падазрона», гэта значыць такія акаўнты ці то неактыўныя, ці то боты.

    У старонкі ўвесну 2021 году адбыўся вялікі скачок падпісак, гэта паказвае на выкарыстаньне сэрвісаў, якія «накручваюць» аўдыторыю.

    Сярод падпісчыкаў, якія «лайкаюць» пасты, больш за 20% выглядаюць «падазронымі». Ненатуральна выглядае і малая колькасьць камэнтароў, толькі 32% зь іх сэрвіс аналізу лічыць рэальнымі. Камэнтары ў сацыяльных сетках адміны могуць купляць, каб павялічыць ахоп пастоў.

    Старонка ў Insta­gram «Аршанскай газэты» — адна з самых вялікіх сярод раённых выданьняў па колькасьці падпісантаў — 24 338 чалавек.

    53,7% падпісчыкаў Insta­gram «Аршанскай газеты», паводле сэрвісу аналізу, выглядаюць «падазрона». Рост аўдыторыі каналу адбываўся павольна з 2019 году, спробаў накрутак у статыстыцы не відаць.

    Insta­gram-акаўнт столінскай раёнкі «Навіны Палесся» мае 23,9 тысячы фаловэраў. Сэрвіс аналізу ацэньвае якасьць падпісчыкаў на 26 балаў са 100, што значыць «дрэнна».

    64,3% падпісчыкаў каналу сэрвіс аналізу ўспрымае «падазронымі» — гэта значыць, што яны ці то боты, ці то зьявіліся шляхам накруткі. Пра накрутку сьведчыць і графік прытоку падпісак старонкі, на ім відаць рэзкія скачкі, пачынаючы зь ліпеня 2020 году. Сапраўднай аўдыторыяй выглядае толькі траціна падпісчыкаў каналу.

    Пра «падазронасьць» аўдыторыі Insta­gram-старонак дзяржаўных мэдыя сьведчыць і нізкая ўцягнутасьць аўдыторыі: гэта тыя, хто ставіць падабайкі ці камэнтуе пасты. На дзесяць пастоў прыпадае прыкладна тры камэнтары, у незалежных мэдыя гэты паказчык вышэйшы ў дзясяткі разоў.

    Мы таксама праверылі аўдыторыю дзяржаўных раённых выданьняў у Insta­gram уручную, шляхам выпадковага прагляду падпісчыкаў, і выявілі партрэты трох найбольш тыповых падпісантаў:

    • жанчына 50+, адзін-два пасты ў Insta­gram, нядаўна створаны акаўнт;

    • школьнік ці школьніца;

    • акаўнты мясцовых прадпрымальнікаў, прысьвечаныя іхным бізнэсам: манікюр, сьвідравіны, рамонт ды інш.

    YouTube: Стаўка на расейскую аўдыторыю

    Згодна з аналізам выданьня infopolicy.biz, у сакавіку сёлета сярод відэа з найбольшымі праглядамі ў YouTube, якія посьцілі самыя буйныя акаўнты дзяржаўных мэдыя, былі відэа з расейскім наратывам. Больш за палову падпісчыкаў — таксама з Расеі.

    • YouTube-канал БелТА (1,1 мільёна падпісчыкаў) — 58% з Расеі, 10,8% зь Беларусі.
    • YouTube-канал АТН (924 тысячы падпісчыкаў) — 54,5% з Расеі, 14% зь Беларусі.
    • YouTube-канал АНТ (842 тысячы падпісчыкаў) — 39,6% з Расеі, 27,8% зь Беларусі.

    Для параўнаньня, у незалежнага тэлеканалу «Белсат» зь Беларусі 54,4% падпісчыкаў, 11,3% — з Расеі. Асноўны YouTube-канал Радыё Свабода мае каля 64% падпісчыкаў зь Беларусі і толькі 10% — з Расеі.

    Пра стаўкі беларускіх дзяржаўных мэдыя на расейскую аўдыторыю сьведчаць і самыя прагляданыя відэа на іх каналах. Напрыклад, сярод 275 відэа, апублікаваных у сакавіку на канале БелТА, самыя прагляданыя так ці інакш тычацца наратыву расейскай прапаганды.

    Топ‑3:

    • 1. Выказваньне Лукашэнкі пра УСУ — 7,7 мільёна праглядаў.

    • 2. Выступ Лукашэнкі перад расейскімі журналістамі — 4,9 мільёна праглядаў.

    • 3. Інтэрвію з прапагандыстам Міхаілам Ануфрыенкам — 2,6 мільёна праглядаў.

    Беларускія ўнутраныя навіны набіраюць мінімальную колькасьць праглядаў. Напрыклад, відэа аб актуальнасьці беларускіх казак — 34 прагляды, відэа аб плянах будаўніцтва дарог — 26 праглядаў, папярэджаньне ад ДАІ — 17 праглядаў на момант публікацыі infopolicy.biz у красавіку.

    Сярод 734 відэа, якія разьмясьціў у сакавіку гэтага году YouTube-канал «СБ ТВ», тры самыя папулярныя — пра вайну і Расею:

    • 1. Пра расейскіх танкістаў пад Вуглядарам — 11,6 мільёна праглядаў.

    • 2. Пра тое, як грамадзянка Расеі размаўляла па тэлефоне зь нібыта махляром з Украіны — 10,7 мільёна праглядаў.

    • 3. Пра тое, як грамадзянін Расеі размаўляў з украінцам у чат-рулетцы — 6,4 мільёна праглядаў.

    На гэтым жа канале ток-шоў «Будні» на тэму пасланьня Лукашэнкі да народу і парлямэнту прагледзелі 243 чалавекі.

    Telegram: узаемныя перапосты

    У мэсэнджары Telegram беларускія дзяржаўныя СМІ разьвіваюць свае каналы ня так актыўна, як у іншых сацыяльных сетках. Прааналізаваныя раней раённыя выданьні маюць там зусім няшмат падпісчыкаў. Напрыклад, «Веснік Магілёва» мае толькі 1875 падпісчыкаў, «Новости Столина» (ад газэты «Навіны Палесся») — 2801 падпісчык.

    У 100 самых папулярных беларускіх каналаў у Telegram уваходзіць канал Лукашэнкі «Пул Первого» (7‑е месца, 156 901 падпісчыкаў), БелТА (25‑е месца, 53 187 падпісчыкаў), тэлеграм-канал МУС Беларусі (55‑е месца, 35 679 падпісчыкаў).

    Тэлеграм-канал «Пул Первого» прырастае. За апошні месяц яго аўдыторыя павялічылася на 2035 чалавек. Прырост зьвязаны ці то з падзеямі, ці то з заявамі. Напрыклад, канал прырос 31 сакавіка, падчас «пасланьня» Лукашэнкі да народу і парлямэнту (+520 чалавек), пасьля 18 красавіка падчас сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным, кіраўніком так званай «ДНР» (+396). Выступы і гучныя заявы таксама зьвязаныя зь перасылкамі паведамленьняў з каналу (1249 пасьля пасланьня), а ў іншыя дні значна менш — да сотні.

    Прыток падпісчыкаў у канал даюць рэпосты зь іншымі дзяржаўнымі каналамі: БелТА, АТН ды інш. Канал мае невялікі паказчык уцягнутасьці аўдыторыі: да паловы адсотка (гэта рэакцыя падпісчыкаў у выглядзе падабаек і перапостаў). У незалежных СМІ гэты паказчык вышэйшы: у «Нашай нівы» ў сярэднім 1,8%, у «Эўрарадыё» — 2,38%, у Свабоды — 1,66% (згодна з сэрвісам TGstat).

    Тэлеграм-канал БелТА мае яшчэ меншую ўцягнутасьць сярод падпісчыкаў — у пікавыя моманты толькі 0,12%. За красавік ён прырос на 603 падпісчыкі, якіх, падобна, прынесьлі рэклямныя пераходы зь іншых каналаў, якія перапошчвалі навіны зь БелТА. Гэта могуць быць як рэклямныя пасты за грошы, так і ўзаемны рэпост ці дамоўленасьці.

    Напрыклад, у красавіку канал БелТА згадвалі 1051 раз у 242 каналах. Сярод іх як каналы іншых дзяржаўных мэдыя, так і староньнія каналы накшталт навінавых агрэгатараў з розных краін.

    Facebook: Стаўка на вайну і савецкую настальгію

    Face­book для прасоўваньня свайго кантэнту выкарыстоўваюць напоўніцу толькі буйныя беларускія дзяржаўныя мэдыя. У раённых выданьняў, якія мы аналізавалі вышэй, ці то невялікая колькасьць падпісчыкаў («Новости Столина» — 856 чалавек), ці то зусім няма старонак («Веснік Магілёва» і «Аршанская газэта»).

    У дзяржаўным агенцтве БелТА на Face­book 77 тысяч падпісчыкаў. За студзень—красавік група прырасла на 4 тысячы падпісантаў. Самы папулярны кантэнт у БелТА па выніках першага кварталу гэтага году — тэмы вайны ва Ўкраіне і наратыў расейскай прапаганды. Топ‑3 публікацый з максымальным ахопам аўдыторыі выглядаюць так:

    • 1. Інтэрвію Юрыя Васкрасенскага пра вайну ва Ўкраіне, ахоп — 7,9 тысячы гледачоў.

    • 2. Яшчэ адзін кавалак інтэрвію Юрыя Васкрасенскага пра «непазьбежную паразу Ўкраіны», ахоп — 4,3 тысячы карыстальнікаў.

    • 3. Камэнтар вайсковага экспэрта Аляксандра Алесіна пра вайсковыя беларускія дроны, ахоп — 2,5 тысячы карыстальнікаў.

    Тэлеканал «АНТ» мае на сваёй старонцы на Face­book 43,3 тысячы падпісчыкаў, за першы квартал гэтага году яны страцілі 184 падпісанты. Самыя папулярныя відэа за гэты час:

    1. Сюжэт пра савецкі фільм «Службовы раман», ахоп — 3,3 тысячы праглядаў.

    2. Выказваньні Лукашэнкі пра вайну ва Ўкраіне, ахоп — 2,5 тысячы праглядаў.

    3. Сюжэт пра мігрантаў на мяжы з Латвіяй, ахоп 2,5 тысячы праглядаў.

    «Дзяржаўныя мэдыя займаюцца прапагандай вайны»

    Паводле мэдыяаналітыка Кааліцыі лічбавых навыкаў Міхаіла Дарашэвіча дзяржаўныя мэдыя трансьлююць погляд Расеі на вайну, каб дагадзіць самой Расеі. Асабліва гэта назіраецца на YouTube.

    «Мяркую, што трансьляцыі на расейскую аўдыторыю — гэта іх задача, гэта частка сумеснай актыўнасьці „саюзнай дзяржавы“. Ёсьць гіпотэза, што дзяржаўныя мэдыя выгадныя расейскай прапагандзе, бо ствараюць ілюзію меркаваньня іншай краіны, бо ў Расеі суседзяў з такім жа поглядам, як у іх, больш не засталося. Маўляў, гэта ня толькі думка расейскай прапаганды, але і беларускай», — кажа экспэрт.

    Што да дзіўнай колькасьці «падазроных» падпісчыкаў у Insta­gram, то такая статыстыка сьведчыць пра «разнарадкі на падпіскі». Маўляў, людзей «настойліва папрасілі» стаць падпісчыкамі старонак дзяржаўных раённых мэдыя.

    «Ёсьць адчуваньне разнарадкі на падпіскі, бо ў леташнім траўні на нейкіх звычайных выходных рэзка вырасла колькасьць падпісчыкаў у раёнак. Калі плятформы выяўляюць такую колькасьць падазроных акаўнтаў, то гэта выпадковыя карыстальнікі. Пра выпадковасьць падпісчыкаў таксама сьведчыць і нізкая ўцягнутасьць: колькасьць падабаек і камэнтараў. Яны разьмяшчаюць пасты, але не працуюць з аўдыторыяй. Гэтае разьмяшчэньне — гэта проста частка служэбных абавязкаў, як паставіць на сайт, так і ў сацыяльныя сеткі. Яны гэта робяць таксама па разнарадцы зьверху», — зазначае Міхаіл Дарашэвіч.

    Чытайце яшчэ:

    «Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал

    Появился белорусский обучающий бот для начинающих журналистов-расследователей

    Вярхоўны суд замацаваў выракі Дзмітрыю Навошу ды іншым «чарнакніжнікам». Тыя сцвярджюць, што апеляцый не падавалі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці