У Хельсінкі ўсталююць паштовыя скрыні для лістоў зняволеным беларускім журналістам
8 жніўня «Рэпарцёры без межаў» сумесна з Merkki-Media museum and archives Фінляндыі арганізуюць акцыю салідарнасці з беларускімі журналістамі, якія знаходзяцца за кратамі.
У Merkki-Media museum and archives ў Хельсінкі адкрываецца сцяна з паштовымі скрынямі, якая стане часткай пастаяннай экспазіцыі, прысвечанай свабодзе прэсы. На скрынях будзе размешчаная інфармацыя пра палітзняволеных журналістаў. У кожную з іх прысутныя могуць апусціць ліст для канкрэтнага супрацоўніка СМІ.
— Мы запрашаем журналістаў на гэтае мерапрыемства і спадзяемся прыцягнуць увагу шырокай грамадскасці: паштовыя скрыні будуць даступныя для наведвальнікаў музея. Мы спадзяемся, што госці музея і школьныя групы будуць пісаць лісты журналістам-вязням, якія могуць пакідаць у паштовых скрынях, — паведаміла БАЖ сябра праўлення «Рэпарцёраў без межаў – Фінляндыя» Інгрыд Сванфельд.
Паштовыя скрыні застануцца даступнымі для наведвальнікаў музея да канца 2024 года, а то і надалей.
Інгрыд Сванфельд, сябра Саюза журналістаў Фінляндыі, а цяпер – і сябра праўлення арганізацыі «Рэпарцёры без межаў – Фінляндыя» ведае пра становішча незалежнай журналістыкі ў Беларусі з першых вуснаў. Пра сітуацыю з беларускімі СМІ ёй расказала яе сяброўка з Беларусі, а з Ларысай Шчыраковай, зняволенай журналісткай, яна пазнаёмілася каля 10 гадоў таму на семінары ў Нарвегіі.
У жніўні 2020 года, у разгар пратэстаў у Беларусі, Інгрыд Сванфельд распачала анлайн-сустрэчы шведаў і беларусаў на знак салідарнасці з беларускімі журналістамі. Акцыя працягваецца дагэтуль і абываецца кожны аўторак — падчас сазвонаў абмяркоўваецца сітуацыя ў Беларусі і шляхі дапамогі палітвязням.