У Гродне ўшанавалі памяць Паўла Шарамета (фота)
Гродзенскія журналісты ўвечары 20 ліпеня ўсклалі кветкі і запалілі знічы каля ганаровага консульства Украіны, якое знаходзіцца ў Гродне па вуліцы Замкавай. Гэтым яны ўшанавалі беларускага журналіста Паўла Шарамета, які загінуў раніцай 20 ліпеня ў Кіеве. Ушанаваць памяць прыйшлі прадстаўнікі незалежных СМІ горада, а таксама фатографы і блогеры.
Пра Паўла Шарамета ўзгадвае журналіст-фрылансер Алесь Кіркевіч, які вядзе блог на “Беларускім Партызане”:
- Апошні раз мы бачыліся гады паўтары таму ў Вільні. Мы паразмаўлялі нават на павышаных танах. У яго была сапраўды такая “тэма”: ён лічыў, што прабеларускія людзі, беларускія нацыяналісты дастаткова ненадзейныя – маўляў, калі Лукашэнка стане пад нацыянальныя сцягі, то яны ўсе да яго перабягуць. Але, як ні парадаксальна, менавіна ён ставіў на “Беларускі Партызан” мае артыкулы з выразнай пазіцыяй, і не было з гэтым ніякіх праблем. А апошні яго артыкул пра мову, пра нацыянальныя рэчы стаў своеасаблівым запаветам Паўла Шарамета. Таму я цешуся, што быў знаёмы з гэтым чалавекам. Гэта быў Журналіст з вялікай літары.
Пасля ўскладання кветак гродзенскія БАЖаўцы хвілінай маўчання ўзгадалі беларускага журналіста.