У Гродне праходзіць выстава работ фатографаў з Беластоку
Выстава творчай арганізацыі фатографаў з Беластоку адкрылася ў гродзенскай выставачнай зале. Больш за поўсотні здымкаў 28-мі аўтараў можна паглядзець у Гродне.
Прадстаўленыя работы такіх вядомых фатографаў Падляшша, як Віктар Волкаў, Генрых Рагазінскі, Марэк Далецкі, Ежы Федаровіч. Іх працы і раней неаднаразова выстаўлялі ў Гродне.
У 2011 годзе Беластоцкае фотатаварыства стала калектыўным сябрам Агульнапольскага фотаклуба ў Варшаве і ўдзельнікам шматлікіх фотапраектаў.
На здымках ў гродзенскай выставачнай зале — пейзажы Падляшша, здымкі танцаў і сірыйскіх бежанцаў. Зборная экспазіцыя паказвае не толькі працы нашых сучаснікаў, але і тых фатографаў, што ўжо пайшлі з жыцця.
Выстава ў Гродне будзе працаваць да 7 траўня, а 25 красавіка працы лепшых фатографаў гродзенскага фотаклуба ў межах культурнага абмену паедуць у Беласток.
На Падляшшы пакажуць працы Сяргея Марозава, Наталлі Дораш, Іллі Гелея і іншых гродзенцаў. Першыя культурныя абмены паміх Гродна і Беластокам распачаліся яшчэ ў 1980-ыя гады.
Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі.