У Гродне памёр аператар і фатограф Георгі Гілеўскі
У Гродне пайшоў з жыцця журналіст і фатограф Георгій Васільевіч Гулеўскі, якога жыхары горада ведалі як Жоржа…
Жорж быў сапраўдным Натуралістам, які не толькі шмат ведаў і ўмеў назіраць, але і меў талент цікава паказаць і распавесці пра прыроду іншым, нават тым, хто быў далёкі ад яе…
Пра Жоржа (Георгія Гулеўскага) узгадвае яго сябра, рэдактар сайта “Птушкі штодня” Зміцер Вінчэўскі
— Я пазнаёміўся з Георгіем Васільевічам, ягога ўсе сябры звалі проста “Жорж” у пачатку 1990‑х гадоў. Тады мы мала што ведалі пра нашых птушак. А ён ўжо быў дасведчаны чалавек. Даволі добры і вядомы фатограф. Менавіта ён ініцыяваў стварэнне рэспубліканскага ладшафтнага заказніка “Азёры”. У яго быў цікавы падыход да працы. У яго быў штодзённік. Але штодзённік не ў нашым разуменні, калі мы напрыканцы года яго сканчваем і адкладаем. Ён жа карыстаўся ім штогод. Напрыклад, 3 ці 4 лютага ён глядзеў, што адбывалася ў розныя гады. Мог сказаць, што сёлета гусі прыляцелі раней, чым 5 год таму. Гэта цікавы падыход Натураліста з вялікай літары. Ён супрацоўнічаў з усімі выданнямі Гродна і абласнога падпарадкавання. Пісаў вельмі добра, ілюстраваў сваімі фатаздымкамі цікавыя назіранні. Супрацоўнічаў з часопісамі “Родная прырода”, “Лесавік”. Думаю, не адно пакаленне вырасла на яго поглядах на нашу навакольную прыроду.
Нарадзіўся Георгі Гілеўскі 18 чэрвеня 1941 года ў Курскай вобласці. У 15 год на першыя заробленыя грошы купіў ружжо і бінокль, бо з дзяцінства яго прыцягвала прырода.
Праз год, калі ўжо вучыўся ў ПТВ, бацькі хацелі купіць яму касцюм, але ён у краме ўбачыў першае савецкае фотаружжо і настаяў, каб купілі менавіта яго, а не вопратку. З таго часу і пачалося яго фотапаляванне, якое змагла прыпыніць толькі смерць…
Спачатку Георгій спрабаваў сумяшчаць фотапаляванне з паляваннем, але ўрэшце-рэшт перамаглі фотаздымкі. Пасля арміі працаваў у Краснаярскім краі на Далёкім Усходзе ля возера Ханка, у Тульскай вобласці, пакуль, нарэшце, на запрашэнне сястры жонкі сям’я не пераехала ў 1971 г. у Гродна. Спачатку Георгій уладкаваўся на хлебакамбінат, але яго артыкулы пра прыроду ў “Гродзенскай праўдзе”, якія заўсёды ілюстраваў уласнымі фотаздымкамі, прыцягнулі ўвагу кіраўнікоў мясцовага тэлебачання, куды ён і быў запрошаны ў 1972 годзе. Тры наступныя гады працаваў фотакорам, а калі там з’явілася першая відэакамера, пачаў асвойваць прафесію аператара. Так і застаўся працаваць на Гродзенскім абласным ТБ да сыходу на пенсію — аператарам, а апошнія 2 гады і кіраўніком — вядучым прыродазнаўчай праграмы для дзетак “Леснічоўка Катафея”.
Гродзенскія фатографы і назіральнікі за птушкамі спадзяюцца, што імем Георгія Гілеўскага назавуць у будучым адну з вуліц Гродна.