У Гродне паказваюць выставу, якую трэба глядзець у стане гіпнозу
Фатограф Наталля Салама прадставіла ў гродзенскай галерэі “У майстра” незвычайную выставу: для прагляду твораў наведнікаў уводзяць у гіпнатычны транс.
— Людзі звычайна спачатку падыходзяць да арт-аб’ектаў, а эмоцыі ўзнікаюць пасля. Мы вырашылі пайсці іншым шляхам: найперш прапануем паспрабаваць нестандартны псіхалагічны стан, і ўжо ў гэтым стане людзі знаёмяцца з творамі Наталлі Салама, — распавёў ідэйны надхняльнік і піяр-мэнеджар выставы Міхаіл Ліс.
На выставе прадстаўлена каля дзесяці работ.
— Мне важна асэнсоўваць сябе часткай сусвету. Аднойчы падчас прагулки па лесе прыйшла ідэя раскрыць сувязь паміж чалавекам і прыродай праз сумяшчэнне вобразаў, — патлумачыла Наталля Салама.
Цягам бліжэйшых двух дзён на прагляд выставы запісалася больш за 100 гродзенцаў, якія пад наглядам доктара псіхатэрапеўта будуць уведзены ў транс. Паглядзець гэтую незвычайную выставу можна ў Гродне да 10 ліпеня.