У Гродне — фотавыстава пра горад і кнігі “Код горада”
У Гродзенскай выставачнай зале 15 мая адчынілася выстава “Код горада”, якая на сваёй мэце ставіць прыцягнуць увагу да гісторыі Гродна з дапамогай кніг.
На 58-мі здымках, што прадстаўленыя на выставе, — грамадскія актывісты, журналісты, пісьменнікі, музыкі і іншыя гродзенцы, якія чытаюць кнігі пра Гродна.
Аўтар праекта — вядомы ў Беларусі фатограф Сяргей Курыла, яго экспазіцыя на чарнобыльскую тэму аб’ехала амаль усю Беларусь. Гэтым разам Сяргей Курыла некалькі месяцаў у студыі ствараў партрэты вядомых гродзенцаў.
“Працаваць з такімі творчымі людзьмі, прадстаўнікамі нашага горада, якіх насамрэч вялікая колькасць, для мяне было жыццёвым падарункам, — кажа Сяргей Курыла. — Але, на мой погляд, не ўсё ўдалося, і хочацца адзначыць, што кожны партрэт — гэта прыступка, не заўсёды ўверх, але я стараўся. Усе людзі розныя, і розныя іх характары, “дакрануцца” да кожнага з іх трэба было асцярожна, і гэта было вельмі складана”.
Сябра ГА “БАЖ”, журналіст Hrodna.life Руслан Кулевіч лічыць гэты праект пазітыўным:
“Мне патэлефанаваў Сяргей і сказаў, каб я прыйшоў у студыю, бо ён хоча зрабіць фота на наступную выставу. Я думаў, што ўсё расцягнецца на гады два-тры, але ён так хутка ўсё зрабіў. Я гляджу, што стаю ў адным шэрагу з такімі гісторыкамі, як Вашкевіч, Краўцэвіч, Чарнякевіч, мастакамі, іншымі вядомымі гарадзенцамі, і для мяне гэта вялікі гонар і павага”.
“Кніжную падтрымку” праекта зрабіла гарадская цэнтральная бібліятэка імя Андрэя Макаёнка. Экспазіцыя будзе працаваць да 9 чэрвеня, пасля яе завяршэння аўтары плануюць выдаць кнігу з партрэтамі вядомых гродзенцаў.