У Гродне цягам дня невядомыя перашкаджаюць журналістам (абноўлена)
У Гродне перад акцыяй, што адбудзецца 15 сакавіка а 18-й гадзіне ў гарадскім парку Жылібера, пачалі запалохваць журналістаў.
18:13. Машыну з журналістамі «Белсату» (сярод якіх Алесь Залеўскі), якая ехала ў Гродна, у чарговы раз затрымалі ДАІшнікі. Правяраюць нешта праз базу, якая нібыта не працуе.
17:25. Супрацоўнікі міліцыі заблакавалі ва ўласнай кватэры журналіста Алеся Дзянісава. Пад яго пад’ездам дзяжурыць некалькі міліцэйскіх машын.
Цягам дня 14 сакавіка за журналістамі «Белсата» сачылі невядомыя. Па словах журналістаў, цягам дня за імі ездзіў шэры мікрааўтобус.
У сераду, 15 сакавіка, адзін з журналістаў быў заблакаваны ў сваім пад’ездзе, ён двойчы спрабаваў выйсці, а да яго двойчы невядомыя людзі падыходзілі з прапановаю «праехаць».
За журналістам-фрылансерам Віктарам Парфёненкам увесь дзень 14-га сакавіка таксама едзіла машына з невядомымі ў цывільным.
Таксама сябра ГА «БАЖ» Руслана Кулевіча выклікалі ў Следчы камітэт. У СК ёсць пытанні да матэрыялу журналіста. Але афіцыйнай позвы пакуль не было, выклікалі па тэлефоне.